Афіцыёз зараз будзе піярыць удзел афіцыйнага Менску ў брусэльскай канфэрэнцыі, прысьвечанай палітыцы добрасуседзтва. Стануць даводзіць абываталю, што мы ўжо, лічы, занялі свой пачэсны пасад між народамі.

Між тым Эўразьвяз проста зрабіў жэст ветлівасьці. Фармальна ніхто не выключаў Беларусь з гэнай палітыкі добрасуседзтва. Іншая рэч, што краіна ня можа практычна скарыстацца яе дабротамі праз несумяшчальнасьць поглядаў афіцыйнага Менску ды аб'яднанай Эўропы на дэмакратыю і правы чалавека. І зрухаў тут пакуль што не прадбачыцца, мяркуючы па тым, што адпаведная тэматыка цалкам засталася па-за кадрам, калі слова на канфэрэнцыі далі намесьніку міністра замежных спраў Варанецкаму.

Мо' лексыка, датычная правоў ды свабодаў, лічыцца для айчынных дыпляматаў табуяванай?

У такім разе табу парушыў ня хто іншы, як непасрэдны шэф сп. Варанецкага Сяргей Мартынаў. Лічы, у той самы час ён прамаўляў такія жаданыя для Эўропы тэзы аб правох чалавека зь іншай трыбуны. Пікантнасьць у тым, дзе гэта гучала і ў якой кампаніі. А менавіта: у Тэгеране, на сустрэчы міністраў Руху недалучэньня, ці не адзінай міжнароднай структуры, у якой сапраўды вольна пачуваюцца так званыя краіны-ізгоі.

Завадатары Руху недалучэньня (сярод якіх Вэнэсуэла, Іран, Куба, Зімбабвэ і наша сінявокая) хочуць даць адлуп Захаду сваёй трактоўкай правоў чалавека. А яна, самі ведаеце, адмысловая. Нашто далёка хадзіць, яскравая ілюстрацыя — фраза на сёньняшнім працэсе над актывістам "МФ": "Мы судзілі б тут нават сябра незарэгістраванага таварыства хамячкоў".

Зь іншага боку, сёньняшнія прысуды ў Нясьвіжы ды Салігорску па тутэйшых мерках лагодныя. Згадваецца стары анэкдот пра добрага Ільіча: "А мог бы і брытвай паласнуць!".

Гэтая адносная мяккасьць ёсьць тым максымумам лібэралізму, які тутэйшая ўлада можа сабе дазволіць сёньня дзеля Эўропы.

Увогуле ж працягваецца старая тактыка гульні на двух кірунках. Эўропу менскія дзеячы палохаюць "энэргетычнай імпэрыяй", а Маскву — гіпатэтычным дрэйфам на Захад. На нэрвы як уражлівым насельнікам старой Эўропы, так і вялікадзяржаўнікам у белакаменнай гэта, канешне, трохі дзейнічае. Вось, дарэчы, сымптом — раздражнёны артыкул у сёньняшняй "Независимой газете" пра тое, як "Хітры Менск глядзіць на Захад".

Але па вялікім рахунку рэсурс такой, як кажуць у пэўных колах, "разводкі" вычарпаны. А на болей нетрывіяльныя хады не стае пораху. Спадзявацца, што тут наважацца выконваць усе 12 умоў ЭЗ, не выпадае, кажа палітоляг Андрэй Фёдараў. На яго думку, нейкія шанцы скрануць сытуацыю мае нават не пакрокавая, а "мікракрокавая" стратэгія. Умоўна кажучы, адкрываецца ў Менску офіс Эўракамісіі — скасоўваецца візавая забарона для нейкага аднаго высокага чыноўніка і г.д.

Канешне, кропля камень точыць. Але ёсьць і іншае выслоўе: покуль траўка падрасьце, конік з голаду памрэ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?