Як паведаміў карэспандэнту "Звязды" вядучы спецыяліст АСВОД Віктар Харошка, адно з трагічных здарэнняў мела месца на Дняпры ў Брагінскім раёне. Тут рыбак апынуўся ў вадзе пасля таго, як лодка перакулілася. Іншыя аматары рыбнай лоўлі дапамаглі чалавеку дабрацца да сушы. Аднак тое, што адбылося далей — "на сумленні" зялёнага змія. Чалавек, які страціў арыентацыю з-за алкаголю, зноў пайшоў у ваду і, заблытаўшыся ў водарасцях, патануў. Дарэчы, яшчэ адзін рыбак загінуў у возеры ў Слаўгарадскім раёне: ён патануў пры ўстаноўцы сетак.





