Прапануем Вашай увазе тэкст звароту.
«Грамадзяне Беларусі!
14 кастрычніка галоўным праспектам сталіцы пройдзе Еўрапейскі Марш.
Гэта будзе Марш дзеля будучай свабоднай і еўрапейскай Беларусі. Гэта будзе пачатак нашага шляху ў свабодную і аб'яднаную Еўропу.
Звяртаюся да ўсіх: прыйдзіце на праспект і прадэманструйце сваю волю да Свабоды, свой еўрапейскі выбар.
Прашу жыхароў гарадоў і вёсак ахвяраваць гэты дзень Беларусі — вашай краіне, якую вы так любіце. Прыедзьце на Пакроў у сталіцу. Адчуйма разам дух і моц Свабоды.
Дзяўчаты і хлопцы! На цябе, наша моладзь, надзея! Слухайце сваё сумленне, рабіце дабро і нічога не бойцеся.
«Гэта будзе Марш дзеля будучай Беларусі, пачатак нашага шляху ў свабодную і аб’яднаную Еўропу», — гаворыцца ў звароце.
Маніфестацыі — самы эфектыўны спосаб барацьбы за свабоду. Седзячы ў хаце — нічога не даб’емся. Трэба выходзіць! Столькі, колькі спатрэбіцца, каб вызваліць саміх сябе. Няма іншай рады. Так рабілі іншыя народы Еўропы. Сябры Беларусі з розных краінаў Еўропы прыедуць 14 кастрычніка ў Мінск, будуць разам з намі.
Звяртаюся да палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыў, да кожнага: няхай побач са сцягамі Еўрасаюзу ў гэты дзень лунаюць нашы светлыя нацыянальныя сцягі, няхай на дэманстрацыі гучыць нацыянальная мова. Няхай на плакатах і лозунгах будуць адлюстраваныя нашы думкі.
Звяртаюся і да тых, хто падтрымлівае цяперашні палітычны і эканамічны курс: прыйдзіце на галоўны праспект. Мы адна нацыя. У нас роўныя правы і супольная будучыня. Мы — еўрапейцы! Мы — гаспадары дзяржавы, мы — крыніца ўлады. Не будзе багатай і шчаслівай тая краіна, дзе грамадзянаў трымаюць за рабсілу. Падтрымайце еўрапейскі выбар для Беларусі!
«Маніфестацыі — самы эфектыўны спосаб барацьбы за свабоду. Седзячы ў хаце — нічога не даб’емся. Трэба выходзіць! Столькі, колькі спатрэбіцца, каб вызваліць саміх сябе. Няма іншай рады».
Кожны год увесну грамадзяне выходзяць на вуліцу ў Дзень Волі 25 Сакавіка. Няхай ад гэтага году Пакроў, 14 кастрычніка, стане Днём еўрапейскага выбару беларусаў.
Ад свабоды выйграюць усе. Нават тыя, хто цяпер яе баіцца.
Вяртанне ў свабодную і заможную Еўропу — гарантыя захавання нашай незалежнасці і культуры, развіцця эканомікі, росту дабрабыта.
Будзем разам 14 кастрычніка!
Разам – да еўрапейскай будучыні Беларусі, будучыні нашых дзяцей і ўнукаў.
Аляксандр Мілінкевіч»





