Адзіная пуцёўка ў мацнейшы дывізіён разыгрывалася вечарам у сераду ў менскім Палацы спорту між зборнымі Беларусі і Вялікабрытаніі. Толькі яны ўдзьвюх захавалі шанцы на павышэньне ў рангу. Крэпкія каманды Галяндыі і Славаччыны засталіся ні з чым.
Дарэчы, мінулай восеньню гэтыя каманды гулялі ў брытанскім Шэфілдзе. Тады нашы суайчыньнікі мінімальна перамаглі — 69:68. Мала хто сумняваўся, што ў напружанай барацьбе пройдзе і гэта гульня.
Аднак рэчаіснасьць была нашмат больш жорсткай для беларусаў. Брытанцы, якіх вёў у бой зорка НБА Луол Дэнг (ён набраў 27 пунктаў, для параўнаньня наша зорка Ўладзімер Верамеенка набраў толькі 13 пунктаў) проста разграмілі нашых гулівэраў — 51:83.
Наступнай спробы прабіцца ў мацнейшы дывізіён беларускія баскетбалісты будуць чакаць цэлыя два гады.





