Карпарацыя «Майкрасофт» абнародавала вынікі сваёй фінансавай дзейнасьці ў Беларусі. Аказалася, што па хуткасьці росту яе бізнэс у Беларусі можа супернічаць хіба што зь беларускай эканомікай.

Калі верыць афіцыйным зьвесткам кампаніі, то за адзін фінансавы год (ён скончыўся 30 чэрвеня) беларускія «плянтацыі» софтвэрнага гіганта сталі амаль утрая больш урадлівымі, чымсьці ў мінулым. Павялічылася й колькасьць OEM‑партнэраў «Майкрасофт» у Беларусі. Цяпер замест сьціплага дзясятка прадаўцоў праграмных рашэньняў карпарацыі ў краіне пад сьцягамі амэрыканскай кампаніі працуе 81 фірма. Работнікі аднаго з самых багатых амэрыканцаў адзначаюць, што беларускія кампаніі актыўна ўдзельнічаюць у партнэрскай праграме Microsoft Partner Program: па выніках 2007 фінансавага году ў Беларусі працуюць тры залатыя, тры сэртыфікаваныя і 34 зарэгістраваныя партнэры «Майкрасофт».

Варта адзначыць, што ня так даўна ў «Майкрасофт» даволі скептычна адносіліся да тэмпаў разьвіцьця беларускага бізнэсу. З прычыны эканамічнай немэтазгоднасьці быў нават адменены рэліз беларускай вэрсіі Windows Vista і Windows XP. Пікантнасьць сытуацыі палягае ў тым, што адначасова з выпускам бравурнага прэс‑рэлізу адносна посьпехаў на беларускім фронце «Майкрасофт» уручыла прэм’ер‑міністру Татарстану Рустаму Мініханаву копію Windows Vista на татарскай мове. Відаць па ўсім, татарскі рынак паказвае «Майкрасофт» яшчэ большыя цуды, чым беларускі. У адваротным выпадку карпарацыя наўрад ці абмежавалася б дзяжурным удзелам у дзьвюх (!) профільных канфэрэнцыях, якія прайшлі сёлета ў Менску. Для Расеі й Украіны кампанія «Майкрасофт» не шкадавала жывата свайго і адзначылася амаль у трох дзясятках сур’ёзных профільных мерапрыемстваў, сотнях партнэрскіх праграм і прадала толькі ў Расеі больш за 2 мільёны копій ліцэнзійных праграм. Беларусі да такіх паказьнікаў яшчэ, як кажуць, расьці і расьці.

Паводле «Ежедневника»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0