Сёньняшняе паседжаньне суду пачалося а 9-й раніцы з разгляданьняпісьмовых матэрыялаў справы. Адміністрацыя Акадэміі кіраваньня прадставіла дакумэнты, згодна зь якімі, Юрась Алейнік вучыўся ня лепш за астатніх, спортам, навукай і грамадзкай дзейнасьцю займаўся як і кожны студэнт. У паперах таксама было напісана, што «Алейнік зьбіраў подпісы ў сваю падрымку зманам, заклікаў студэнтаў да актаў непадпарадкаваньня на несанкцыянаваным сходзе ў інтэрнаце Акадэміі.» З боку Алейніка былі прыведзеныя дакумэнты аб студэнтах, разгледжаных на адлічэньне разам з Алейнікам. Судзьдзя Кругава пагадзілася зачытаць іх толькі пасьля настойлівых просьбаў з боку грамадзкіх прадстаўнікоў. Паводле дакумэнтаў, астатнія студэнты мелі па 30‑80 гадзін пропускаў штомесяц, незалікі і нядопускі да экзаменаў. Аднак некаторыя з іх працягнулі навучаньне.
У часе судовых спрэчак Ю.Алейнік сказаў:
«Лічу, што ў Акадэміі кіраваньня сур’ёзныя праблемы з працэдурай афармленьня дакумэнтаў пры адлічэньні. Не было належнага паседжаньня прафкамітэту для разгляду майго пытаньня, замест гэтага старшыня прафкаму расьпісалася ў прыказе паводле загаду дэкана Язэпчыка. Лічу гэта найгрубейшым парушэньнем заканадаўства. Лічу, што ў Акадэміі фармальны падыход да майго адлічэньня. Адзіная выхаваўчая праца, якую праводзілі са мной наконт парушэньняў дысцыпліны — размова наконт майго ўдзелу ў «Чарнобыльскім Шляху», якую я ўспрыняў, як пагрозу. Тое, што ў мяне хварэла маці, а сам я з шматдзетнае сям’і, не было ўлічана, ў адрозьненьне ад сямейных абставінаў іншых студэнтаў з горшымі вынікамі навучаньня».
Адвакат Ларыса Адаманчук папрасіла даць загаду аб адлічэньні крытычную ацэнку, бо ёсьць сур’ёзныя сумневы ў законным афармленьні: «У Акадэміі кіраваньня да Алейніка прадузятыя адносіны.»
Грамадзкі прадстаўнік Алег Гулак падчас судовых спрэчак заявіў, што акадэмія стварыла такую сістэму, дзе прафсаюз «не абараняе правы студэнтаў, а кіраўніцтва ВНУ мае магчымасьць з кожным студэнтам паступаць па свайму ўласнаму меркаваньню».
Напярэдадні прадстаўнікі Акадэміі не задалі ніводнага пытаньня сьведкам і ўдзельнікам працэсу. Вось і сёньня юрысконсульт Акадэміі сп. Бабровіч ад спрэчкі ўхілілася, а начальнік аддзелу кадраў Варанкоў коратка заявіў, што «Гулак спрабаваў ачарніць Канстытуцыю ў выглядзе Кодэкса Гонару студэнтаў Акадэміі».
Пасьля перапынку было абвешчанае рашэньне суда: у скарзе адмовіць, адлічэньне Юрася Алейніка прызнаць правамерным.
Камэнтары ўдзельнікаў:
Юрась Алейнік: «Я спадзяваўся на лепшае рашэньне. Барацьбу за свае правы працягну, няхай прыйдзецца дайсьці да Эўрапейскага суду»
Алег Гулак: «Суд парушыў канстытуцыйныя прынцыпы роўнасьці ўсіх перад законам. Суд перашкаджаў зьбіраць доказы дыскрымінацыі Алейніка па ідэалягічных прыкметах, а на сабраныя доказы не зьвярнуў увагі».
Дайна Бабровіч: «Я нядаўна працую, мне выдалі гэтую справу як афіцыйнай асобе.»
Студэнты Акадэміі: «Нас задзяўбло баяцца адміністрацыю, мы прыйшлі падтрымаць Юрыя, хоць адміністрацыя супраць».
Аляксандр Варанкоў ад каментароў адмовіўся.
![]() Сябры прыйшлі падтрымаць Юрася Алейніка. Другая зьлева - ягоная маці |
![]() Аляксандар Варанкоў і Дайна Бабровіч |





