Эўрасаюз выкарыстаў нагоду таксама, каб выказаць занепакоенасьць новымі арыштамі ў Беларусі і здушэньнем грамадзянскіх ініцыятываў.
ЭС асуджае апошнія прысуды, вынесеныя актывістам моладзевай арганізацыі «Малады Фронт». Пра гэта радыё «Свабода» паведаміла прэс-сакратарка Эўракамісіі Крыстыяна Гоман:
«Мы занепакоеныя паведамленьнямі пра арышты на працяглы тэрмін грамадзкіх актывістаў за тое, што яны рэалізоўвалі сваё грамадзянскае права на выказваньне. Паўтарэньне палітычна матываваных арыштаў, якія мы назіралі ў апошнія месяцы, ставіць пад сумнеў гатовасьць Беларусі супрацоўнічаць з Эўрасаюзам».
Спн. Гоман таксама паведаміла, што ЭС адхіляе прапановы аб больш шчыльным эканамічным супрацоўніцтве, у прыватнасьці, у транзыце энэргарэсурсаў, зробленыя на гэтым тыдні намесьнікам міністра замежных спраў Беларусі Валерам Варанецкім на канфэрэнцыі па эўрапейскай палітыцы добрага суседзтва.
Прэс-сакратарка Эўракамісіі заявіла, што Эўрасаюз не дазволіць аўтарытарнаму кіраўніцтву Беларусі перабіраць, у якіх сфэрах супрацоўнічаць. Яна сказала, што дэмакратызацыя Беларусі застаецца абавязковай умовай для больш шчыльных сувязяў:
«Збліжэньне з Эўразьвязам патрабуе, каб Беларусь зрабіла пераканаўчыя крокі ў справе дэмакратызацыі і павагі да правоў чалавека, у тым ліку і права людзей выказваць свае думкі і права няўрадавых арганізацый на існаваньне».
У лістападзе летась Эўразьвяз вылучыў 12 ўмоваў , якія павінен выканаць Менск, для паляпшэньня адносінаў з Эўропай. На думку спадарыні Гоман, дзеяньні беларускіх уладаў цалкам супярэчаць гэтым умовам.





