Дзесяцігодзьдзе «Маладога фронту» пачалося міліцэйскай засадай, а скончылася паяданьнем торту.

Роўна дзесяць гадоў таму, 6 верасьня 1997 году ў Палацы культуры «Сукно» прайшоў устаноўчы сход «Маладога фронту». Гэтую арганізацыю склала моладзь зь Менску, Магілёва і Горадні. 6 верасьня 2007 многія з тых людзей сабраліся ва ўправе Партыі БНФ, каб адзначыць гэтую дату.

Цікавае супадзеньне: у гэты самы дзень 5-годзьдзе сьвяткуе іншая моладзевая арганізацыя краіны — створаны ўладамі БРСМ. Нехта з прысутных на сустрэчы пажартаваў, што наўрад ці нехта зь міліцыянтаў ведаў пра гэту дату. Затое да дня народзінаў «МФ» міліцыя рыхтавалася з самай раніцы. «Ціхары» ператрасалі сумкі моладзі, што выходзіла зь сядзібы, некалькі чалавек нават адвезьлі ў пастарунак, але там паадпускалі, спаслаўшыся на «добры настрой».

Сьвяткаваньне насіла хутчэй сямейны, чым афіцыйны характар. Госьці паселі вакол стала, на якім стаялі тарты, садавіна, напоі і частаваліся цягам усяе вечарыны.

Нязьменны на працягу многіх гадоў старшыня «Маладога фронту» Павал Севярынец прапанаваў прысутным у самым пачатку выканаць гімн «Магутны Божа», пасьля чаго ўспомніў Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Яраслава Грышчэню — «маладафронтаўцаў», якія адбываюць пакараньні ў турме і на «хіміі», ці «ходзяць» пад крымінальнай справай, і таму ня могуць прысутнічаць. Як герояў заля сустракала нядаўна асуджаных Івана Шылу і Насту Азарку. Той самы Іван Шыла папрасіў таксама згадаць пра Людмілу Атакулаву, «маладафронтаўку», што адбывае пакараньне ў салігорскай турме за акцыю салідарнасьці зь Іванам.

У першай частцы імпрэзы слова далі палітыкам, якія выйшлі з «Маладога фронту». Напрыклад, намесьнікі старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч і Аляксей Янукевіч. Міхалевіч адзначыў, што кожны сёньняшні «маладафронтавец» варты дзесятку ранейшых, бо тады яшчэ не судзілі за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях, гэтак не прыціскалі моладзь. «Я захапляюся мужнасьцю сёньняшніх юнакоў, якія перанялі ад нас эстафэту ў «Маладым Фронце», — адзначыў Міхалевіч. Аляксей Янукевіч зачытаў верш Рыгора Барадуліна «Маладому фронту», які народны паэт Беларусі напісаў у траўні 1997 г.

Было зачытанае віншаваньне ад пасла ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт. Яе прадстаўляў на імпрэзе першы намесьнік Джонатан Мур.

Севярынец узгадаў асноўныя этапы дзейнасьці арганізацыі — ад стварэньне моладзевага крыла БНФ у 1992 г. да крымінальных справаў Івана Шылы і Насты Азаркі, прысуды якім былі агучаныя за два дні да гэтага.

Пасьля быў зачытаны сьпіс галоўных дасягненьняў арганізацыі за гэтыя 10 гадоў. Прыводзім яго ў парадку ўбываньня: 10) Альтэрнатыўная Алімпіяда «Маладога фронту» (1998 год); 9) Акцыя «Беларусь — у Эўропу!»; 8) Варта ў Курапатах; 7) Адукацыйная акцыя «Шоў Беларушчыны»; 6) Акцыі на Дзень Сьвятога Валянціна; 5) Сатэлітныя арганізацыі «МФ» — «Край», «Зубр» і інш.; 4) Акцыя «Горад наш»; 3) Акцыі салідарнасьці са Зьмітром Дашкевіча, Паўлам Красоўскім, Зьмітром Хведаруком, Барысам Гарэцкім, Алегам Корбанам, Настай Палажанкай, Іванам Шылам і інш.; 2) Пакаленьне «Маладога фронту»; 1) Сам «Малады фронт».

На прызы ад Віталя Супрановіча была разыграная віктарына «Шоў Беларушчыны» па гісторыі «МФ». Севярынец пытаўся, колькі папяровых анёлаў было вывешана на сядзібе Партыі БНФ у 2000 г., калі сьвяткавалася 2000-ыя ўгодкі ад нараджэньня Хрыста, альбо колькі гадзін доўжыўся футбольны матч берасьцейскіх «маладафронтаўцаў», які пазьней увайшоў у Кнігу рэкордаў Гінэсу. Найбольш дасьведчаным у гісторыі «МФ» аказаўся яго колішні сустаршыня Сяржук Бахун зь Берасьця, ён выйграў тры дыскі.

Пры канцы імпрэзы Севярынец зачытаў крэда «Маладога фронту». «Мы баімся Бога і больш нікога, таму «Малады фронт» выстаяў усе гэтыя гады, калі развальваліся іншыя арганізацыі, калі перасьледавалі нашых актывістаў. Мы верым у Бога — гэта галоўная наша заслуга».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?