У энергабаланс Беларусі да 2011 года плануецца далучыць вугалю ў аб'ёме амаль 3 млн.т умоўнага паліва. Аб гэтым паведаміў намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Цімашпольскі на прэс-канферэнцыі.

Ён адзначыў, што гэты напрамак з'яўляецца адным з важнейшых у канцэпцыі энергабяспекі Беларусі. У свеце запасы вугалю ў дзесяткі разоў перавышаюць запасы нафты і газу. Імі ў значнай ступені забяспечаны не толькі Расія, але і іншыя суседзі Беларусі — Польшча, Украіна. Добрыя перспектывы супрацоўніцтва ёсць таксама з Германіяй, дадаў ён.

У Беларусі плануецца ў бліжэйшай перспектыве пабудаваць некалькі цеплаэлектрастанцый, якія працуюць з выкарыстаннем высокакаларыйных вуглёў. Акрамя таго, намечаны перавод многіх энергакрыніц рэспублікі на камбінаванае прымяненне паліўных рэсурсаў.

Уладзімір Цімашпольскі адзначыў, што новы варыянт канцэпцыі энергетычнай бяспекі і незалежнасці Беларусі ахоплівае шырокае кола пытанняў, звязаных з дыверсіфікацыяй імпарту паліўна-энергетычных рэсурсаў. У прыватнасці, разглядаюцца пытанні па падпісанню пагаднення паміж Беларуссю і Азербайджанам па выдзяленню квоты на азербайджанскую нафту. Важным напрамкам з'яўляецца рэалізацыя сумесных праектаў з Венесуэлай. Прапрацоўваецца пытанне з украінскім бокам адносна праекта па газаправоду „Адэса-Броды”. Вядуцца перагаворы з Туркменістанам аб тым, каб праз узаемазаліковыя схемы у беларускім балансе мець таксама туркменскі газ. Паводле слоў Уладзіміра Цімашпольскага, вядзецца сур'ёзная прапрацоўка праектаў з кітайскім бокам, якія прадугледжваюць пры выкарыстанні кітайскіх інвестыцый будаўніцтва ў Беларусі энергаблокаў на вугалі.

Значны эфект па эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў павінен быць дасягнуты ў рэспубліцы за кошт укаранення новых зберагальных тэхналогій.

Уладзімір Цімашпольскі праінфармаваў, што распрацоўка новага варыянта канцэпцыі энергабяспекі Беларусі завершана, дакумент адобраны ўрадам і цяпер знаходзіцца на разглядзе кіраўніка дзяржавы.

Пасля стварэння АЭС у Беларусі экспарт атамнай электраэнергіі дасць магчымасць кампенсаваць кошт імпартуемага прыроднага газу, паведаміў сёння намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Цімашпольскі на прэс-канферэнцыі.

Паводле яго слоў, Беларусь разглядае магчымасць арганізацыі экспарту атамнай энергіі ў іншыя краіны, у тым ліку і ў Расію. „Такім чынам будзе скампенсаваны рост цэн на імпартуемы ў рэспубліку прыродны газ”, — сказаў ён.

Уладзімір Цімашпольскі таксама адзначыў, што працэс будаўніцтва АЭС павінен праходзіць актыўна. „Чым больш мы зацягваем яго, тым даражэй нам абыдзецца стварэнне атамных блокаў”, — сказаў ён. За кошт атамнай электраэнергіі Беларусь плануе замясціць не менш як 10 працэнтаў паліўна-энергетычнага балансу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?