Распрацаваны выпускнікамі Гарадзенскага ўнівэрсытэта электронны дзёньнік дагэтуль мае ў Інтэрнэце толькі расейскамоўную вэрсію. У хуткім часе з дапамогай стваральнікаў сайту Nastaunik.info зьявіцца беларускамоўная старонка Dzennik.by.

У сусьветнай практыцы ўзаемадзеяньне паміж школай і бацькамі пры дапамозе Інтэрнэту імкліва пашыраецца. У Беларусі зробленая першая спроба наладзіць такую сувязь. Адпаведную праграму распрацавалі і прадставілі для карыстаньня на сайце Dzennik.by выпускнікі Гарадзенскага ўнівэрсытэта. Dzennik.by — гэта электронная вэрсія кляснага журнала пасьпяховасьці і наведвальнасьці ў Інтэрнэце. У ім бацькі могуць пабачыць поўную інфармацыю пра свайго вучня: графік пасьпяховасьці, паведамленьні аб загадзя заплянаваных пісьмовых працах, хатнія заданьні, падзякі або заўвагі ад выкладчыкаў, колькасьць прапушчаных заняткаў. Атрымаць неабходную інфармацыю можна за лічаныя хвіліны праз sms‑ і e‑mail‑паведамленьні, пэрсанальны доступ да сайту.

Каб скарыстацца паслугамі праграмы, трэба падаць заяўку на падлучэньне да сыстэмы Dzennik.by. Пасьля гэтага супрацоўнікі сайту ствараюць віртуальную мадэль школы зь яе выкладчыцкім складам, вучнямі, раскладамі заняткаў. Штодня, па заканчэньні заняткаў, запоўненыя пэдагогамі фармуляры пасьпяховасьці, перадаюцца супрацоўнікам Dzennik.by і ўводзяцца ў лічбавую сыстэму кантролю пасьпяховасьці вучняў. Сыстэма аўтаматычна рассылае паведамленьні аб адзнаках, заўвагах і водгуках пэдагогаў бацькам вучняў.

Упершыню Электронны школьны дзёньнік выпрабавалі ў гімназіі №5 Горадні. Паводле папярэдніх вынікаў тэставаньня праграмы сярэдні бал па клясе вырас практычна ўдвая, значна палепшылася дысцыпліна. У бягучым навучальным годзе навінку выпрабуюць яшчэ дваццаць гарадзенскіх школаў.

На сёньня электронны дзёньнік мае ў Інтэрнэце толькі расейскамоўную вэрсію. Але адміністрацыя сайту запэўнівае, што ў хуткім зьявіцца беларускамоўная вэрсія. А дапамагчы стварыць беларускамоўную старонку Dzennik.by ўзяліся стваральнікі сайту Nastaunik.info. Як распавяла адміністратарка сайту для настаўнікаў Тамара Мацкевіч, ужо перакладзеная галоўная старонка Электроннага школьнага дзёньніка. «Мы можам апэратыўна перакладаць навіны сайту, але ідэальны варыянт, калі б сайт займеў беларускі інтэрфэйс. А для гэтага нам патрэбна перакласьці на беларускую мову саму праграму» — кажа спн. Мацкевіч. Па яе словах, адпаведную прапанову яны ўжо зрабілі адміністрацыі Dzennik.by і цяпер чакаюць адказу.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0