АНТ, 21.05
Граф Дракула ў пошуках сьвежай крыві трапляе ў Лёндан. Упыра перасьледуе няўрымсьлівы доктар Ван Хельсынг (Мэл Брукс)…
Дасьціпная пародыя Мэла Брукса на вампірскую кінаклясыку.
Ікласты вампір у выкананьні сівагаловага Лесьлі Нільсэна – глыбакадумна-прыдуркаваты і танцавальна-бадзёры, даслоўныя паўторы з “Дракулы” Тода Браўнінга выклікаюць гістэрычны сьмех, а Мэл Брукс ганарліва носіцца з асінавым калом.
Цікава, што Лесьлі Нільсэн распачынаў кар’еру ў сур’ёзнай кінафантастыцы (“Забароненая плянэта”) – але славу яму прынесьлі менавіта камэдыйныя ролі. Мэл Брукс ужо зьдзекваўся з кінакашмараў у “Маладым Франкенштэйне”. “Дракула мёртвы” не настолькі вытанчаны, але ўсё роўна жудасна-сьмешны.
БТ, 23.50
На караблі інвалід-калясачнік (Пітэр Каёт) распавядае маладому пасажыру (Г’ю Грант) пра сваю каханую (Эмануэль Сэнье) – як ён пазнаёміўся зь бязьвіннаю дзяўчынай, у якія небясьпечныя гульні яны ігралі – і да чаго дайшлі ў пошуках асалоды. Пасажыр у шоку, алё і ён, і ягоная жонка ўжо ўцягнутыя ў чужыя жарсьці…
Карціна Паланскага выклікала непрыязнасьць крытыкі – і захапленьне ў гледачоў. Гледачоў вабілі скандальныя сэксуальныя сцэны, эстэты пляваліся ад залімітнае пошласьці, да якой скаціўся майстар Паланскі.
Але рэжысэр паступае з гледачамі так, як і інвалід-юрлівец з героем Г’ю Гранта – прывязвае непрыстойным апавяданьнем. За дзікунскім кічам стоены сарказм і іронія стваральніка “Тупіка” і “Балю вампіраў”. Але гэты сарказм губляецца ў жаночых усхліпах – фільм разьлічаны на масавую аўдыторыю выхаванцаў сэксуальнае рэвалюцыі.





