10 і 11 жніўня ў канадскім горадзе Мідланд архідыяцэзіі Таронта прайшлі ўрачыстасці, прысвечаныя памяці канадскіх мучанікаў XVII ст. Санктуарый знаходзіцца ў 150-ці кіламетрах ад Таронта. Ва ўрачыстасцях прымаў удзел мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пешшу, аўтобусамі, на аўтамабілях — сотні пілігрымаў штогод прыбываюць у Мідланд, каб ушанаваць памяць шасці езуітаў, якія чатыры стагоддзі таму першымі прынеслі на гэтыя землі Евангелле. Прапаведуючы веру ў Хрыста, шэсць езуітаў — чатыры святары і два браты, ахвяравалі за веру сваім жыццём.

Сёлета з Таронта ў Мідланд пешая пілігрымка вырушыла 5 жніўня. Група налічвала каля 400-от пілігрымаў і з кожным днём іх колькасць павялічвалася. 10 жніўня, калі да пілігрымкі далучыўся беларускі іерарх, колькасць пілігрымаў дасягала ўжо 800-а чалавек.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прайшоў з канадскімі пілігрымамі апошні этап пілігрымкі, завяршыўшы яе святой Імшой на алтары, дзе ў 1984 г. эўхарыстыю цэлебраваў бл. Папа Ян Павел II.

11 жніўня ў санктуарыі ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Тадэвуш Кандрусевіч.

У набажэнстве прыняла ўдзел вялікая колькасць верніваў, многія з якіх прыязджалі ў Мідланд цэлымі сем’ямі — толькі святой Камуніі падчас Імшы было раздадзена дзевяць з паловай тысяч чалавек.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што ў наш час хрысціянства з’яўляецца найбольш пераследуемай рэлігіяй і што хрысціяне гінуць сёння ў многіх краінах. «Але існуе яшчэ і іншы пераслед, — зазначыў Кандрусевіч, — калі рэлігію стараюцца спіхнуць на перыферыю жыцця сучаснага грамадства, калі большасцю галасоў у парламентах прымаюць не згодныя з Божым правам законы і нават забараняюць хрысціянскія сімвалы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?