Жыхары вёскі Сумарокава Магілёўскага раёна ўзняліся з пратэстам супраць уладаў, якія вымагаюць, каб людзі пазбавіліся ад свіней. Бальшыня пратэстоўцаў — прыватныя прадпрымальнікі, якія гадуюць па некалькі дзясяткаў жывёлін і жывуць, як самі кажуць, толькі з гэтага занятку. Грошы, што прапануюць ім за здадзеных свіней, не пакрываюць укладзеных у іх гадоўлю сродкаў. Каб абараніцца, вяскоўцы звярнуліся да журналістаў.

Нагодай для гэтага сталі звесткі, што 14 жніўня ў вёску нібыта павінна была наведацца камісія, каб выдаць людзям прадпісанні, што на працягу пяці дзён яны мусяць пазбавіцца ад свіней. Іначай вяскоўцам пагражаюць штрафы.

На сустрэчу з журналістамі прыйшлі каля дзясятка вяскоўцаў. Апавядаючы пра сітуацыю, якая склалася ў выніку прафілактычных захадаў супраць распаўсюджвання вірусу афрыканскай чумы свіней, людзі заяўлялі, што іх інтарэсу ніхто ва ўладзе не ўлічвае.

«Я шэсць гадоў працавала, каб зарабіць на той статак, які ў мяне ёсць. Мне прапануюць свіней маіх здаць на мясакамбінат па дзве тысячы за кілаграм. На сённяшні дзень я ў парасят уклала 60 мільёнаў рублёў. Нам сельсавет разаслаў паперкі, нікім не падпісаныя. У іх было напісана, што да 11 жніўня хатнім падворкам здаць свіней усіх відаў і ўзросту. Мне танней выходзіць адчыніць пуню і выпусціць іх, няхай бягуць на ўсе бакі, чым па дзве тысячы іх здаць», — тлумачыць адна з вясковак.

Вёска Сумарокава трапляе ў пяцікіламетровую зону бяспекі вакол свінакомплексу, які належыць агракамбінату «Зара». Пра гэта паведамляецца ў абвестках на вясковай краме.
Там названыя 31 паселішча, дзе не павінна быць свіней у прыватных дварах. Акрамя «Зары», зоны бяспекі ствараюцца для дзвюх найбліжэйшых гаспадарак — «Палыкавічы» ды «Усход». Як кажуць у вёсцы, гэтыя абвесткі на знак пратэсту зрывалі і замалёўвалі. Вяскоўцы заяўляюць, што кантралёраў не пусцяць у свае двары.

«Я сабаку спусціла, не пушчу іх. Няхай страляюць. Я — пенсіянерка, муж — інвалід. На што я павінна жыць? На гэтую пенсію жабрацкую? Яны не маюць права ісці да мяне ў двор. Я нічога не парушыла. За што яны будуць мяне судзіць і штрафаваць? За што?» — абураецца вяскоўка.

Яшчэ адна дадае: «Я больш чым перакананая, што месяцы праз два людзі ўсё роўна пазаводзяць свіней. Ціхенька, але завядуць. Бо гэта лад жыцця такі. Чалавек не можа жыць у вёсцы і не трымаць нічога».

Марна прачакаўшы каля дзвюх гадзін камісіі, некалькі вяскоўцаў рушылі разам з журналістамі ў сельсавет.

Старшыня Княжыцкага сельскага савета Віктар Палтаран спачатку адмовіўся гаварыць з журналістамі. Запрасіў на гутарку толькі вяскоўцаў. Пазней у сельсавет прыехаў начальнік раённай ветэрынарнай станцыі Сяргей Лебедзеў. Ён спасылаўся на пастанову № 13 Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, якая і прадпісвае людзям пазбаўляцца ад свіней.

«Будуць выдавацца прадпісанні. Дадуць два тыдні на тое, каб прыбраць з падворкаў свіней. Па сканчэнні двух тыдняў будуць штрафаваць да 20 базавых велічыняў. Усё адно будуць угаворваць бабуль, дзядуляў, каб у іх не было свіней», — тлумачыў раённы ветэрынар.

Але вяскоўцы довадаў ветэрынара і старшыні сельсавета не ўспрымалі. Вінавацілі іх, што тыя на шкоду простым людзям бароняць інтарэсы буйных свінакомплексаў.

Гутаркай у сельсавеце людзі засталіся незадаволеныя. Яны заяўлялі, што для іх вёскі барацьба з чыноўнікамі толькі пачынаецца. Пагражалі звярнуцца ў суд, каб абараніцца, як яны казалі, ад уладнай сваволі.

Глядзі таксама: У Брэсцкай вобласці ўспыхнуў «свіны бунт»
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?