Амерыканскі салдат Брэдлі Мэнінг, асуджаны на 35 гадоў за найбольшы ў амерыканскай гісторыі крадзеж сакрэтных дакументаў, заявіў, што ён жанчына і хоча жыць як жанчына. Ён просіць, каб надалей яго называлі не «Брэдлі», а «Чэлсі». Так, дарэчы, завуць дачку былога прэзідэнта ЗША Біла Клінтана. «Цяпер, калі я пераходжу ў новую фазу свайго жыцця, я хачу, каб усе ведалі маё сапраўднае я. Я Чэлсі Мэнінг, і я жанчына», — гаворыцца ў ягонай заяве, якую зачыталі ў папулярнай тэлепраграме амерыканскага канала Эн-Бі-Сі.

Мэнінг кажа, што адчуваў сябе дзяўчынкай ад малога.

На тое, што Мэнінг пакутуе на разлад полавай ідэнтыфікацыі, спасылаліся адвакаты Мэнінга ў часе суда. На іх думку, хлопцу было цяжка ў гіпермаскулінным атачэнні баявой арміі, ён адчуваў сябе прыніжаным, і гэта паўплывала на ягоныя дзеянні.

Мэнінг просіць адміністрацыю турмы выпісаць яму гарманальную тэрапію, якая дазволіць яму выглядаць па-жаночаму. Аднак прадстаўніца амерыканскай арміі заявіла, што такая працэдура існымі нормамі не прадугледжваецца. На што зняволеныя маюць права — дык гэта на дапамогу псіхолага, псіхіятра і сацыяльных работнікаў.

Судовы псіхіятр у часе падрыхтоўкі да суда сапраўды выявіў у Мэнінга збой у полавай самаідэнтыфікацыі, а таксама неўроз навязлівых станаў і хваравіты нарцысізм.

Мэнінг знаходзіцца ў турме Форт-Лівэнворт у штаце Канзас. Адвакаты Мэнінга спадзяюцца цяпер толькі на памілаванне прэзідэнтам Абамам, але шанцы на такі сыход мінімальныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0