Пасол Беларусі Уладзімір Дражын быў выкліканы ў МЗС Літвы ў сувязі з праведзенымі 17 жніўня ў Астраўцы (Гродзенская вобласць) грамадскімі слуханнямі з нагоды будаўніцтва першай беларускай АЭС.

На сустрэчы, якая адбылася 22 жніўня, віцэ-міністр замежных спраў Літвы Раландас Крышчунас заклікаў Беларусь «выконваць міжнародныя абавязацельствы і імкнуцца да канструктыўнага і карэктнага дыялогу ў сувязі з рэалізацыяй праекта Беларускай АЭС у Астраўцы», паведаміла прэс-служба літоўскага МЗС.
«Нельга рабіць кампрамісы за кошт ядзернай бяспекі. Распачаты апошнім часам невытлумачальны паспех недапушчальны, а выкананне міжнародных абавязацельстваў, першым чынам Канвенцыі Эспаа, у выпадку Беларускай АЭС не можа быць толькі фармальным», — заявіў літоўскі чыноўнік беларускаму дыпламату.
Віцэ-міністр падкрэсліў: галоўная мэта Літвы — бяспека гэтага аб’екта ў Беларусі, якой яна будзе паслядоўна дамагацца, бо рэалізацыя гэтага праекта можа адбіцца на грамадзянах не толькі Беларусі, але і Літвы, на іх праве на бяспечнае навакольнае асяроддзе.

Прадстаўнік МЗС Літвы заклікаў беларускія ўлады «ўстрымацца ад аднабаковых дзеянняў, якія не адпавядаюць міжнародным патрабаванням, а замест гэтага падаваць падрабязную інфармацыю ў адпаведнасці з палажэннямі Канвенцыі ААН пра ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (Канвенцыі Эспаа) і з высновамі Камітэта па рэалізацыі Канвенцыі Эспаа».

Літва перакананая, што ўвага міжнародных арганізацый і грамадскасці да праекта Беларускай АЭС у Астраўцы карысная і Беларусі, бо адпавядае інтарэсам беларускага боку пабудаваць бяспечны аб’ект.

МЗС нагадала, што сёлета 15 красавіка Камітэт па рэалізацыі Канвенцыі Эспаа даў ацэнку пададзеным Беларуссю дакументам і канстатаваў, што Беларусь не падала Літве інфармацыі, неабходнай для ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў сувязі з праектам Беларускай АЭС, і такім чынам парушыла Канвенцыю Эспаа. Камітэт звярнуў увагу на тое, што кансультацыі маюць каштоўнасць толькі ў тым выпадку, калі прадстаўлена ўся запытаная інфармацыя.

«Беларусь у чэрвені даслала перакладзеную на літоўскую мову справаздачу пра ўздзеянне на навакольнае асяроддзе за 2011 год, у дачыненні да якой ужо была сфармуляваная негатыўная выснова Камітэта Эспаа, і прыняла аднабаковае рашэнне правесці публічнае прэзентацыйнае мерапрыемства ў Астраўцы», — сказана ў паведамленні МЗС.

Варта адзначыць, што слуханні ў Астраўцы не былі прызнаныя не толькі афіцыйным Вільнюсам, але і многімі экалагічнымі арганізацыямі Беларусі і Літвы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?