Як паведамілі ў прэс-службе МУС, цела жанчыны знайшлі 10 жніўня ў Любанскім вадасховішчы каля вёскі Таль.
Яе цела было абматанае ланцугом, да якога быў прышпілены металічны груз.
Дакументаў пры ёй не было.
9 ліпеня ў Маскве быў абрабаваны «Совкомбанк». А на наступны дзень на працу не выйшла касірка. Яе абвесцілі ў вышук. Такую арыентыроўку ад расійскіх праваахоўнікаў атрымалі і беларусы.
Падчас экспертыз, а таксама прыцягвання родных зніклай, было ўстаноўлена, што забітая — маскоўская касірка, грамадзянка Расіі, 1975 года нараджэння.
Падчас следчых дзеянняў
супрацоўнікі крымінальнага вышуку МУС Беларусі выйшлі на двух расіян, адзін з якіх нарадзіўся на Міншчыне, з якімі забітая прыязджала ў беларускую сталіцу ў другой палове ліпеня. А ў пачатку жніўня тыя мужчыны выехалі з Беларусі.
Падчас чарговага візіту ў нашу краіну аднаго з мужчын затрымаў спецназ. Гэта тройчы судзімы грамадзянін Расіі, 1960 года нараджэння. 30 жніўня ў Тамбоўскай вобласці быў затрыманы і яго змоўшчык. Яны падазраюцца ў рабаванні банка і забойстве касіркі, якая ім, мяркуюць следчыя, дапамагла скрасці грошы.
10 ліпеня супрацоўнікі маскоўскага аддзялення «Совкомбанка» знайшлі ўскрытым сейф. Па інфармацыі расійскіх СМІ,
зніклі 40 мільёнаў расійскіх рублёў, 78 тысяч еўра і 40 тысяч даляраў.





