Адказ Мінкультуры.

Адказ Мінкультуры.

Як паведамляе сайт Арт Сядзібы, арганізатары кампаніі дзеля наданьня бел-чырвона-беламу сьцягу гісторыка-культурнай каштоўнасьці атрымалі ад намесьніка міністра культуры Віктара Кураша разгорнуты адказ на свой зварот.

У адказе напісана, што прапанова аб наданьні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці ўносіцца ў Міністэрства культуры любой юрыдычнай або фізычнай асобай у пісьмовай форме з абавязковым яе абгрунтаваньнем у адпаведнасьці з палажэньнем «Аб парадку вядзеньня Дзяржаўнага сьпіса гісторыка-культурных каштоўнасьцей Рэспублікі Беларусь».

Пасьля таго як абгрунтаваньне складуць і дашлюць у Міністэрства культуры, яно будзе накіравана на разгляд у Навукова-мэтадычную раду. Рада павінна будзе разгледзець яго ў 30-дзённы пэрыяд пасьля атрыманьня. Разгляд прадугледжвае «фіксацыю, навуковую апрацоўку і мастацкую ацэнку» бел-чырвона-белага сьцяга як нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці.

Канчатковае рашэньне на аснове вынікаў працы Навукова-мэтадычнай рады, згодна з законам «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», будзе прымаць Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Таму арганізатары кампаніі зьвяртаюцца да беларускіх гісторыкаў і навукоўцаў, якія зацікаўленыя ў наданьні бел-чырвона-беламу сьцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, далучыцца да напісаньня і прадстаўленьня дакумэнтальнага абгрунтаваньня гэтай прапановы. І дапамагчы зрабіць, як напісана ў адказе, «поўную, дакладную і якасную фіксацыю аб’екта, якому прапаноўваецца надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, графічнымі сродкамі».

Зьвязацца з арганізатарамі кампаніі і даслаць варыянт абгрунтаваньня можна праз кантакты на сайце Арт Сядзібы.

Дарэчы, Міністэрства культуры таксама патлумачыла, што ў 2008 годзе такое пытаньне ўжо разглядалася, але паколькі дакумэнтальнага абгрунтаваньня, якога патрабуе закон, не было, то Навукова-мэтадычная рада прапанову не падтрымала.

Таму, каб зараз пытаньне зноў трапіла на разгляд Рады, трэба скласьці адпаведнае абгрунтаваньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?