Беларусь пайшла на парушэнне абавязацельстваў па пастаўцы нафтапрадуктаў у Расію, сцвярджае расійскі бізнес-рэсурс РБК daily. Камерцыйны дырэктар «Новатэк-Трэйдынг» Дзмітрый Гусеў сказаў, што вось ужо другі тыдзень на Санкт-Пецярбургскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы (СПбМСТБ) няма прапаноў ад беларускіх заводаў.

З канца жніўня на біржавых пляцоўках не было выстаўлена ніводнай тоны беларускага паліва, зазначыў Гусеў. Тое, што здзелак не было,
пацвердзілі на СПбМСТБ. «Відаць, яны ствараюць рэзервы паліва ўнутры краіны на выпадак абмежавання паставак расійскай нафты», — мяркуе Гусеў.

РБК daily нагадвае, што паміж Беларуссю і Расіяй дзейнічае так званы нафтавы баланс: расійская нафта паступае на беларускія НПЗ, а гатовая прадукцыя вяртаецца на рынак РФ.

Балансы былі складзеныя толькі на першы, другі і трэці кварталы 2013 года. Патрэбнасць у дадатковых аб’ёмах беларускага паліва ўзнікла, калі са студзеня гэтага года да продажу на тэрыторыі Расіі было забаронена паліва Еўра-2. Гэтыя нафтапрадукты павінны былі замясціць сышоўшыя аб’ёмы і стаць гарантыяй, што бензінавы крызіс вясны 2011 года не паўторыцца.

«Усё ішло добра да лета. У ліпені Масква абвінаваціла Мінск у 
невыкананні абавязацельстваў, таму што аб’ёмы продажу беларускага паліва на біржы ўпалі.

На справе аказалася, што беларусы выстаўлялі свой бензін, але попытам ён не карыстаўся, таму што быў занадта дарагі.

У Беларусі ёсць абавязацельства па пастаўцы паліва ў Расію, але няма абавязацельстваў па цане, а таксама рэгулярнасці паставак, нагадвае Дзмітрый Гусеў. Следам за беларусамі цэннікі на паліва ўзнялі і расійскія заводы. У выніку ў ліпені цэны на біржавых пляцоўках узляцелі на 20%», — зазначае РБК daily.

Інтэрнэт-рэсурс нагадвае, што на мінулым тыдні паміж Расіяй і Беларуссю здарыўся новы скандал. Прычынай стаў арышт беларускімі ўладамі гендырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера. Адказ расійскага боку не прымусіў сябе чакаць. Закранула гэта і пастаўкі нафты на беларускія НПЗ: у верасні ў сувязі з рамонтам на нафтаправодзе «Дружба» Мазырскі і Наваполацкі заводы недаатрымаюць 400 тыс. тон.

Расійскія эксперты зазначаюць, што адсутнасць беларускага бензіну не можа сур’ёзна адбіцца на ўнутраным расійскім рынку, а таксама прывесці да дэфіцыту паліва.

«Атрымаць каментарый у прадстаўніка «Белнафтахіма» ўчора не ўдалося. Аператыўна пракаментаваць навіну ў Мінэнерга не змаглі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?