Ад моманту арышту гендырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера не сціхаюць спрэчкі. Хто ў гэтым канфлікце мае рацыю, а хто — не. Вы за каго, за Лукашэнку, ці Расію?

«Няма тут ніякіх беларускіх інтарэсаў. Пыл у вочы. Разборкі паміж кланамі Пуціна і Мядзведзева», — напісаў Франак Вячорка.

Канечне, пазіцыя «мы ўсе ў белым», а тыя хай што хочуць, тое і робяць, вельмі прывабная. Але, прабачце, што тады «беларускія інтарэсы», калі не «Беларуськалій»?

Прадпрыемства, якое ў вялікай ступені корміць сёння Беларусь і папаўняе бюджэт.

І ў інтарэсах беларускай дзяржавы захаваць гэтае прадпрыемства ад бандыцкага захопу ці банкруцтва. Пакуль што ніхто так і не атрымаў ніякіх пацверджанняў, што расійскі бок быў у гэтай справе «белым і пухнатым». Разам з тым, можна, канечне, ставіць пытанне аб метадах, якім чынам гэта вядзе гэтае змаганне.

«Лічыш, што ў Лукашэнкі адбылося прасвятленне, ён стаў незалежнікам, і ў імя беларускіх інтарэсаў пайшоў на канфлікт з Расеяй?», — пытаецца ў мяне Франак Вячорка.

Не, не лічу. Але лічу, што інтарэсы Лукашэнкі могуць супадаць з інтарэсамі беларускай дзяржавы. Не заўсёды, але могуць. І абавязкова трэба аддзяляць паняткі «дзяржава» і «ўлада». Хай пафасна гучыць, але ўлада можа памяняцца, калі заўгодна. Дзяржава застаецца.

Калі ў нейкім выпадку Лукашэнка дзейнічае ў інтарэсах дзяржавы, то яго трэба падтрымліваць. Гэта не значыць падтрымліваць яго цалкам і ва ўсім. Немагчыма падтрымліваць размяшчэнне пад Лідай вайсковай базы ці рэпрэсіі.

Але калі Лукашэнка спрабаваў пачаць за кошт Венесуэлы пачаць дыверсіфікацыю паставак паліва, то гэта трэ' было падтрымаць. Пра дыверсіфікацыю гаварылі ўсе апазіцыянеры 20 гадоў. Калі ж яна пачала хоць неяк рэалізоўвацца, то з усіх бакоў пачулася: «Навошта? Гэта ж дорага. Расія ўсё адно прадасць танней». А хіба нехта казаў, што за энергетычную незалежнасць будзе заплачаная нізкая цана? І шкада, што такая ідэя так і не атрымала развіцця.

Тое самае з «Беларуськаліем». Ніхто не кажа, што прадпрыемства не можа быць прададзеным. Можа. Але сумленна і адкрыта. Гаварыць пра адкрытасць сёння не выпадае. Таму ў нашых інтарэсах захаваць яго на будучыню.

Мысленне «Чым горш ім, тым лепш нам» абсалютна дэструктыўнае. Нельга адкідаць абсалютна ўсё ў сённяшняй РБ толькі таму, што гэта зроблена пры Лукашэнку.

У большай перспектыве я перакананы: усё, што аддаляе Беларусь ад Расіі — ідзе на карысць дзяржаве. Як і ўсё, што набліжае Беларусь да Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?