Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў няўхільнага выканання даручэнняў аб памяншэнні складскіх запасаў на беларускіх прадпрыемствах, прыстрашыўшы адстаўкамі членаў урада і кіраўнікоў прадпрыемстваў, калі гэта даручэнне не будзе
выканана.

«Калі на 1 студзеня вы не выйдзеце на тое, што пацвярджаеце, то ні Сямашкі, ні дырэктараў на гэтых пасадах не будзе.

Яшчэ ацэнку дамо прэм’ер-міністру, можа быць, ён разам з вамі ў абдымку сыдзе», — заявіў А.Лукашэнка, наведваючы ў пятніцу ААТ «Мотавела».

«Вы на мяне не крыўдуйце, гэта кадравая палітыка. У мяне выйсця іншага няма» , — сказаў Лукашэнка.

«Калі дырэктар маторнага завода па спецыяльнасці слесар, значыць, пойдзе працаваць слесарам або брыгадзірам слесараў.

Калі Сямашка — канструктар, значыць, пойдзе працаваць канструктарам», — папярэдзіў А.Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што «цёплых месцаў і камерцыйных структур для вас не будзе. Таму што гэтая камерцыйная структура будзе знішчана імгненна, калі возьме чалавека з кадравага рэестра без майго ведама» .

«Ці вы працуеце і даеце вынік ці ідзіце туды, дзе зможаце працаваць. Мы гэта адсочым» , — заявіў Лукашэнка.

Як праінфармаваў Лукашэнку першы віцэ-прэм’ер урада Уладзімір Сямашка, у 2013 годзе чакаецца зніжэнне аб’ёму прамвытворчасці на 2% да ўзроўню 2012 года.

Між тым, ён канстатаваў, што падзенне прамвытворчасці спынена, назіраецца пазітыўная тэндэнцыя па памяншэння складскіх запасаў.

У.Сямашка праінфармаваў, што на пачатак жніўня запасы гатовай прадукцыі на прамысловых прадпрыемствах складалі 74,4% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці.

«Да канца года мы плануем выйсці на 62% пры нарматыве 60%», — праінфармаваў першы намеснік прэм’ер-міністра.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што для яго няважна, якая форма ўласнасці прадпрыемства — ААТ ці ЗАТ. Ён разглядае ўсе прадпрыемствы як «народныя», заявіў ён, і гатовы ўмешвацца ў справы ўсіх прадпрыемстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?