Масква заклікае Сірыю перадаць хімічную зброю пад міжнародны кантроль, калі гэта дазволіць пазбегнуць ваеннага ўдару з боку ЗША.

Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў, паведамляе Бі-Бі-Сі. Паводле ягоных словаў, Расія «неадкладна ўключаецца ў працу з Дамаскам».

«Заклікаем сірыйскае кіраўніцтва не толькі дамовіцца аб пастаноўцы месцаў захоўвання хімічнай зброі пад міжнародны кантроль, але і аб наступным знішчэнні, а таксама аб паўнавартасным далучэнні да арганізацыі па забароне хімічнай зброі».

Паводле яго слоў, Расія ўжо перадала сваю прапанову міністру замежных спраў Сірыі, які знаходзіцца ў Маскве.

Раней у панядзелак дзяржсакратар ЗША Джон Кэры заявіў, што калі Дамаск адмовіцца ад хімічнай зброі на працягу тыдня, то гэта можа прадухіліць нанясенне ваеннага ўдару па Сірыі. Аднак, дадаў Кэры, ён не давярае Асаду.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама ўчора ж заявіў: прапанова Расеі, каб урад Сірыі перадаў хімічную зброю пад міжнародны кантроль з’яўляецца «патэнцыйна прарыўнай» для развіцця сітуацыі.

Абама сказаў, што абмяркоўваў гэтую прапанову ў часе кароткай сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Калі Дамаск прыме прапанову, Злучаныя Штаты могуць адкласці ўдар па Сірыі.

У той жа час прэзідэнт ЗША выказаў сумнеў, што рэжым Башара Асада сапраўды пойдзе на такі крок.

Абама таксама прызнаў: магчыма, яму не ўдасца дамагчыся згоды на ваенны ўдар па Сірыі ў Кангрэсе ЗША. Агенцтва Ройтэрз учора перадало, што большасць кангрэсменаў схіляецца да галасавання супраць ваеннай аперацыі ў Сірыі. Яны ідуць следам за амерыканскай грамадскай думкай. У большасці амерыканцаў няма пэўнасці, што хімічную зброю ўжылі менавіта ўрадавыя войскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?