— Павел, раскажыце, як вы адкрылі Беларусь як краіну, і Беларусь у сабе?
— Мая бабуля паходзіць з Віцебшчыны. Яна была ўсё жыццё непісьменная. У вёсцы каля Чашнікаў яна сустрэлася са сваім будучым мужам — маім дзедам, які ў 1928 годзе служыў там. Дзед раз-пораз купляў самагонку ў маці маёй бабулі — сваёй будучай цешчы.
У вайну дзеда з бабай эвакуявалі на Урал. Там і нарадзілася мая маці.
Бабуля мяне гадавала, бацькі на працы былі ўвесь час. Яна па-беларуску не гаварыла, але да канца жыцця ў яе быў «акцэнт», як у «правадыра» цяпер. (Усміхаецца). Ну, і некаторыя слоўцы трапляліся. Таму я, хлопец, народжаны у Свярдлоўску, ведаў, што Беларусь ёсць.
Калі мы хадзілі ў школе на першамайскія дэманстрацыі, я заўсёды браў сцяг Беларусі. Хоць у Беларусі не быў ні разу.
Я скончыў вайсковую вучэльню, інстытут, стаў займацца бізнесам. Часам у расійскіх газетах мне трапляліся навіны пра Беларусь. Памятаю, як чытаў артыкул пра Зянона Пазняка і «страшных нацыяналістаў». А ў нас у вучэльні быў камандзір, прозвішча якога было Пазняк, — здаровы, магутны дзядзька. Вось такім волатам мне ўяўляўся і Зянон. (Усміхаецца).
Забіралі бізнэс
А потым здарылася такая гісторыя з нашым бізнэсам. Мы трапілі пад прэсінг з боку магутнай металургічнай групы, якая мае велізарны адміністратыўны рэсурс на Урале. Праз год нашага змагання з імі мяне і майго сябра арыштавалі. Астатнія нашыя партнёры здолелі ўцякчы ва Украіну.
Ад нас патрабавалі, каб мы адмовіліся ад маёмасных правоў на карысць гэтай групы, а нас потым за гэта вызваляць. Мы не згаджаліся — таму працягвалі сядзець.
Гэтая гісторыя зацягнулася на доўгі час. Пяць гадоў мы правялі ў СІЗА.
У камеры ў мяне быў тэлефон, і я мог карыстацца інтэрнэтам. Вядома, што гэта было нелегальна. У нас і «шмоны» праводзілі, а мы хавалі.
І вось цягам нэт-сэрфінгу я выйшаў на беларускія рэсурсы. Стала цікава, і я пачаў чытаць. Спачатку па-руску, а потым і на мову перайшоў.
Аднойчы прачытаў на «Нашай Ніве», што выйшла кніга Сяргея Шапрана «Дажыць да зялёнай травы» — ліставанне Быкава з Барадуліным. Я звярнуўся да адваката і папрасіў набыць мне яе. Гэта была першая беларуская кніга, якая да мяне трапіла. Я пачаў чытаць і больш за палову не разумеў. (Усміхаецца.) Прыйшлося замаўляць слоўнік. Ён мне не вельмі дапамагаў, таму што ў Рыгора Іванавіча столькі наватвораў!
Уразіў твар
Памятаю, мяне ўразілі фотаздымкі Быкава з гэтай кнігі, на якіх ён быў вельмі падобны да маёй бабулі.
Так усё і пачалося. Я пачаў замаўляць іншыя кнігі. Памятаю, сядзеў, чакаў спаткання з адвакатам. Узяў з сабой пачытаць часопіс «Аrche».
Убачылі мае таварышы па няшчасці: «А на каком это языке?». Кажу, па-беларуску. Прыемна было адчуваць сваю непадобнасць да іншых. І мова гэтаму спрыяе.
Пасля напісаў ліст Алегу Трусаву, папрасіў, каб мяне прынялі ў Таварыства беларускай мовы. Так завочна я атрымаў пасведчанне. І пачаў думаць, што можна рабіць у маіх умовах для Беларусі.
Як было б файна выдаць цікавую дзіцячую кнігу па гісторыі, падумалася мне. Я напісаў вялікі ліст Уладзіміру Арлову з гэтай прапановай. Неўзабаве гэтая новая кніга выйдзе.
Турма мяне змяніла
…Зразумела, я не ганаруся тым, што апынуўся у турме. Але ў нашы часы легка трапіць туды, займаючыся актыўнай дзейнасцю — прадпрымальніцкай, грамадскай, палітычнай. Колькі годных людзей цяпер за кратамі. І ўсе, згодна з прысудамі, —злачынцы: змоўшчыкі, хуліганы, махляры… Так і з намі адбылося. Але цяпер, дзякуй Богу, усе гэтыя справы скончыліся, і нават «судзімасць» мая знятая.
Канечне, тыя гады былі жорсткім выпрабаваннем для маёй сям’і. Я вельмі доўга не бачыў жонкі, не абдымаў сына, бацькоў. А што адчувалі яны — нават не ўяўляю. Мяркую, ім было нашмат цяжей, чым мне. За гэта я ніколі не аддзячу.
Цягам зняволення ўва мне абудзілася беларускасць, і яна трапіла на добрую глебу. Я ўжо не мог сябе атаясамляць з той версіяй расейскасці, якая прапаноўваецца сёння расейскай дзяржавай — з яе імперскасцю, гвалтам, нахабнай хлусней. Мне трэба было шукаць іншую ідэнтычнасць. Хоць я толькі на чвэрць па крыві беларус, але не гэта галоўнае. Галоўнае — гэта самасвядомасць.
Спачатку некаторыя сябры мне казалі: «Ты, часам, не звар’яцеў са сваёй Беларуссю?». Ну, ужо цяпер яны прызвычаіліся і прапануюць: «Можа, ты грамадзянства беларускае возьмеш?». Вазьму, кажу, але не зараз.
Мне ў Беларусі дыхаецца лягчэй
— Якія ўражанні ў вас засталіся ад першай паездкі на Беларусь?
— Гэта было ў снежні 2010-га. Уладзімір Арлоў прапанаваў з’ездзіць у Полацк. Ён мне паказаў Сафію, мы прайшліся па вулачках старажытных… Беларусь мне спадабалася адразу. Можа, гэта ілюзія, самападман, але мне тут лягчэй дыхаецца, чым у Екацярынбургу.
Пачуваюся я тут лепей, чым у Расіі, і таму часта сюды прыязджаю.
Краіна разумнага патрыятызму
Падчас нядаўняй вандроўкі, ўвечары ля вогнішча ў Тураве мы размаўлялі з сябрамі пра тое, што ў Беларусі ўтульней, і людзі адчуваюць, што гэта іх краіна. Можа, я памыляюся альбо сустракаю такіх людзей, для якіх гэта нешта значыць…
Але мне здаецца, што ў Беларусі больш добрага і разумнага патрыятызму. У Расіі чалавек не адчувае, што гэты кавалак зямлі, на якім ён жыве, цалкам ягоны. Таму там усё часовае, таму паўсюль бруд, смецце. І патрыятызм там вялікадзяржаўны альбо ксенафобскі, злы. Сумна ўсё гэта.
Тут людзі выхаваныя
— Шмат хто з расейцаў, якія наведваюць Беларусь, звязваюць чысціню вуліц з тым, што краінай кіруе Лукашэнка. Маўляў, у вас тут чысценька, бо ён вас усіх трымае, і таму ў вас парадак.
— Я ўвесь час баяўся, што мяне выверне на гэты шлях: у Беларусі ёсць Лукашэнка, таму тут вельмі чысценька. А гэта абсалютна не звязана. Тут проста людзі па-іншаму выхаваныя, па-іншаму жывуць. І будзе Лукашэнка альбо не — усё роўна будзе так, як ёсць. Чысценька — гэта не ягоная заслуга.
— Апошнія некалькі год вы жывяце ў Таліне. Чым, на вашую думку, беларусы адрозніваюцца ад расейцаў і ад эстонцаў? У чым нашая адметнасць?
— Беларус адчувае сябе як частку сваёй прасторы, якая называецца Беларусь. І гэта накладае пэўныя абмежаванні на яго паводзіны. Рускі з гэтага пункту гледжання менш адчувае гэтую сувязь, таму ён паводзіць сябе зухавата. Для яго можа нічога не значыць ні наваколле, ні меркаванне людзей, што побач з ім. Вельмі часта гэтая руская удаль пераходзіць усе межы.
А беларусы больш стрыманыя.
Эстонцы — гэта іншы полюс. Яшчэ больш стрыманыя, чым беларусы, і вельмі закрытыя. Гэта хутарская нацыя. Можа, беларусы былі б такімі, калі б не было калектывізацыі.
У мяне не вельмі шырокае кола эстонскіх знаёмых. Часта даводзіцца ад іх чуць: «Вось, вы, рускія, часта збіраецеся разам, весяліцеся, песні спяваеце… А мы, эстонцы, у госці адзін да аднаго не ходзім. А калі сустракаемся — кожны з’есць тое, што прынёс, і разышліся». Можа, гэта перабольшванне. Але штосьці ў гэтым ёсць.
Агеньчык пад попелам
— Вось слухала вас і прыгадала, як некалькі гадоў таму апынулася ў Германіі, дзе праходзіў чэмпіянат свету па футболе. Я не фанатка, але немагчыма было не адрэагаваць на тыя эмоцыі, з якімі немцы заўзелі за сваю зборную. Здавалася, што ўвесь Берлін ператварыўся ў фан-зону… Можа быць, падобны ўздым ахапіў брытанцаў, калі з’явіўся на свет прынц. Як думаеце, што магло б такім чынам аб’яднаць беларусаў? Якая падзея…
— …ці можа быць, персона? (Усміхаецца.) Што можа такое знайсціся, што аб’яднае людзей? Вы кажаце пра перамогі ў спорце — так, гэта таксама падставы. Людзей яднаюць мова, гісторыя, рэлігія, сям’я. А ўсё гэта — культурныя з’явы. Невыпадкова захопнікі заўсёды імкнуцца адняць у заваяваных іх культурную спадчыну. Так было і з расейскімі захопнікамі, якія прыходзілі сюды і найперш імкнуліся знішчыць нацыянальную культуру. Мэтанакіравана праводзілася палітыка знішчэння палітычных і культурных эліт, нацыянальнай самасвядомасці, мовы. Бо нацыянальная культура — гэта сцяг, які аб’ядноўвае людзей. Нацыянальная культура існуе толькі на падмурку роднай мовы. Іншага не бывае.
З часоў Кацярыны II і да нашага часу працуюць адпаведна распрацаваныя праграмы русіфікацыі і каланізацыі Беларусі. Таму і цяпер не ў пашане сапраўдная нацыянальная гісторыя — бо яна выкрывае каланізатараў-русіфікатараў і іх паплечнікаў усіх часоў.
«Ведаеш, Павел, — расказаў мне Арлоў, — калісьці у Менску не было ніводнае школы з навучаннем па-беларуску. Дагэтуль людзі запалоханыя стагоддзямі гвалту над беларускай думкай і словам, таму інстынктыўна імкнуцца пазбегнуць ўсяго беларускага.Але агеньчык жыве пад попелам. Я веру ў тое, што некалі ўсе зменіцца. Нават намёк з боку улады, а тым больш сапраўдная палітычная воля да адраджэння будзе праяўлена — і ўсе зменіцца ў адваротны бок».
— Калі вы набывалі сядзібу ў Падароску, вашая жонка вам не гаварыла: «Што ты робіш, Павел? Давай лепш купім домік у нармальнай краіне, дзе можна будаваць бізнес. А там рызыкі… Ну хіба ты не бізнэсовец, хіба ты не ведаеш, куды ты лезеш? Ну, вось, адкрыў ты для сябе сваю радзіму — ездзі туды, сустракайся з цікавымі людзьмі. А навошта дом?».
— (Смяецца). Слухайце, вы так добра ўсё перадалі. Нават інтанацыі тыя самыя. Мне прыходзілася пераконваць жонку! Гэта былі не столькі нават бізнес-довады. Хоць і яны ёсць, іначай нічога не атрымаецца. Але галоўная ідэя — прызнанне місіі, якую кожны павінен несці. Камусьці дадзена мастацкае слова і здольнасць пісаць кнігі. А калі ў мяне ёсць грошы, я хачу нешта пакінуць пасля сябе. Можа, і зняволенне на гэта паўплывала. Я бачыў, як раптоўна можа скончыцца жыццё чалавека. Вось пасадзілі цябе ў аўтазак з чалавекам, хворым на сухоты, ты захварэў, і нічога табе ў жыцці больш не трэба. Вось гэтае адчуванне часовасці жыцця і яго няўстойлівасці дае добры штуршок для таго, каб зразумець, што трэба пастарацца штосьці пакінуць па сабе.
— Павел, скажыце, чаму вы фінансуеце літаратурны конкурс «Дэбют», а не конкурс «Міс Беларусь», напрыклад?
— На «Міс Беларусь» трэба столькі грошай, якіх у мяне няма. (Смяецца). Ну, гэта як раз вынік маёй упэўненасці, што трэба рабіць. Трэба дапамагаць маладым. Каб захавалася асяроддзе, з якога можа пачацца трэцяя хваля адраджэння мовы і культуры.





