Дваццаць два жыхары Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці аштрафаваныя за парушэнне збароны трымаць свіней на асабістых падворках, якія трапілі ў так званую буферную зону.
Як паведаміў старшыня адміністрацыйнай камісіі Сяргей Сташук, агульная сума штрафаў склала 8,3 млн. рублёў. Мінімальны штраф склаў 100 тыс. рублёў, максімальны — 1,5 млн. рублёў. Паўторныя выпадкі парушэння ветэрынарных правілаў фізічнымі асобамі на адміністрацыйнай камісіі не разглядаліся.
Згодна з пастановай Мінсельгасхарча № 30, у радыусе 5 кіламетраў ад буйных свінакомплексаў забаронена трымаць свіней на асабістых падворках. На тэрыторыі Рэчыцкага раёна два свінакомплексы: у філіялах «Савецкая Беларусь» і «Дземехі» Рэчыцкага камбіната хлебапрадуктаў. Гэтыя комплексы пераведзеныя на закрыты рэжым функцыянавання, распрацаваны план па абароне пагалоўя ад заражэння афрыканскай чумой свіней.
У Гомельскім райвыканкаме паведамілі, што пакуль адміністрацыйная камісія нікога не аштрафавала за парушэнне ветэрынарных правілаў. У Гомельскім раёне ў пяцікіламетровую зону трапілі некалькі населеных пунктаў Цярухскага, Прыбыткоўскага, Урыцкага сельсаветаў. На свінакомплексах Гомельскага раёна «Сож» і «Паўднёвы» ўтрымліваецца каля 130 тыс. свіней. Тут таксама прынятыя меры па прафілактыцы чумы свіней.
У Мазырскім раёне за час дзеяння пастановы аштрафавана «некалькі чалавек», сказалі БелаПАН у райвыканкаме.
Свінаводствам займаюцца тры гаспадаркі Мазырскага раёна. Да прыкладу ў
У адміністрацыйнай камісіі Светлагорскага райвыканкама паведамілі, што да іх паступалі пратаколы аб парушэнні правілаў утрымання свіней у сувязі з АЧС, але пратаколы накіраваныя на дапрацоўку.
У Брагінскім раёне насельніцтву трымаць свіней можна пры ўмове выканання прафілактычных мер. Хаця тут і не было ачага АЧС, як і ва ўсёй Гомельскай вобласці, але яшчэ вясной па рашэнні выканкама было знішчана пагалоўе на трох сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Свіней тут было няшмат — каля 2,3 тыс.