Беларуска Алена Беразіна прайшла ў фінал конкурсу «Хачу ў ВІА Гра» — праекта, пасля якога мусіць з’явіцца новы склад аднайменнага гурту.
Што цікава, дзяўчына працуе ў Міністэрстве надзвычайных сітуацый. «Наша Ніва» запыталася ў дзяўчыны, як калегі ставяцца да яе поспехаў у конкурсе.
«Выдатна ставяцца, — расказала Алена Беразіна. — Рэч у тым, што я даўно ўдзельнічаю ва ўсіх магчымых кастынгах і шоу. Відаць, гэта асаблівасць майго характару. А «ВІА Гра» — гэта мая мара з дзяцінства, мне заўсёды хацелася папрацаваць разам з Канстанцінам Меладзэ.
Гэта легендарны праект, усе дзяўчыны мараць трапіць туды.
Вось і я, калі была маленькай дзяўчынкай, хацела стаць адной з дзяўчын у «ВИА Гра». А тут лёс сам працягвае мне гэты шанец на далоні.
НН: І вы дасягнулі на конкурсе пэўных поспехаў?
АБ: Я ў фінале! На жаль, не магу расказаць усіх падрабязнасцяў — гэта ўмова кантракта. Аднак нас цяпер 23 дзяўчыны. Мусіла быць 24, аднак удзельніца ад Грузіі паехала на «Міс Сусвет». Цяпер нас рыхтуе сам Меладзэ, мы жывём у «Зорным доме». З намі працуе Алан Бадаеў уласнай персонай! Зараз нас падзялілі на восем гуртоў, па тры дзяўчыны ў кожным. Фарміраваў іх сам Меладзэ. Мы спаборнічаем у тройках.
НН: Калі верыць сацыяльным сеткам, вы працуеце ў МНС. Як вашыя калегі паставіліся да ўдзелу ў конкурсе?
АБ: Так, я працую салісткай-вакалісткай у аркестры МНС. Я вам скажу, што ў МНС служаць мужчыны з вялікай літары. Хто ж яшчэ пойдзе тушыць пажары, рызыкаваць жыццём — толькі сапраўдныя мужчыны.
Ці можа ім не падабацца такі легендарны праект, як «ВІА Гра»? Там прыгожыя, маладыя, таленавітыя дзяўчыны.
Таму мае калегі цалкам падтрымліваюць мяне ва ўсім, што звязана з «ВІА Гра». Вось калі б гурт ім не падабаўся — тут бы ўжо ўзнікалі пытанні.





