Гародня стаіць на рацэ Нёман. Гэта ведаюць усе гарадзенцы. А ці ведаеце вы чаму наша рака так называецца? І што азначае слова Нёман?


Нёман у Гродне. Фота Мар’яна Антончыка, radzima.org.

Нёман у Гродне. Фота Маряна Антончыка, radzima.org.

Ну то слухайце: Некалі даўно, вельмі даўно біла на нашай зямлі крыніца жыцця. Шмат у тыя часы было вады на нашай зямлі.

З-за гэтага амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі было вялікае балота. Балота было пасярэдзіне, і папрасілі звяры ды птушкі ў Божанькі правесці просты канал ад балота да мора. Каб балота стала меншым ды каб дарога простая была адразу да мора.

Доўга так Божаньку прасілі ці не, мы гэтага не ведаем, але нарэшце вырашыў ён, што трэба такі канал зрабіць. Тады Божанька паставіў свой палец у сярэдзіне таго балота і пацягнуў яго да Балтыйскага мора, разгорваючы такім чынам русла ракі.

Як цягнуў Божанька пальцам — зямля разляталася па два бакі. Пыл і грукат усюды стаяў. Цягне Божанька русла, а ў яго проста на шляху буслянка з малымі буслянятамі стаіць.

Спалохаўся тады бусел за сваё гняздо і сваіх дзетак і кінуўся ляцець да Божанькі. Падляцеў ён да Божанькі ды пачаў клекатаць-верашчаць, што было моцы. І так бусел яму растлумачвае і гэтак. Спрабаваў растлумачыць, што русла ракі акурат ідзе да буслянкі.

З-за незразумелага клякатання спыніўся Божанька і пачаў услухацца. Слухаў, слухаў таго бусла, але што той казаў, так і не зразумеў, бо бусел надта спалохаўся і ад гэтага спяшаўся сказаць многа і шмат усяго патлумачыць…

Адзінае, што зразумеў Божанька, дык гэта тое, што нельга весці русла проста, а трэба абкружыць нейкую перашкоду. І абвёў тады Божанька вакол гнязда пальцам. Ад гэтага, калі глядзець з вышыні на нашую раку, мае яна простае русла, але недзе бліз Гародні робіць вялікае паўкола, а далей цячэ проста.

І вырашыў Божанька назваць гэтую раку і пачаў думаць як назваць. А паколькі бусел галгытаў нешта незразумелае і не мог адразу Божанька разабраць, што той ад яго хоча, то вырашыў выкарыстаць такую мову, якая будзе незразумела нашым дзядам.

І назваў божанька нашую раку на чужой, не нашай мове. А па-балцку, на мове якую мы не разумеем, слова Нёман — азначае раку. Так з’явілася рака Нёман яшчэ задоўга да таго як з'явіліся тут людзі і так з’явілася яго назва якую і сёння ніхто не можа растлумачыць. Хоць само слова Нёман азначае — рака.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?