Але Ён паранены быў за грахі нашы
і пакутаваў за беззаконні нашы;
кара свету нашага была на Ім,
і ранамі Яго мы ацаліліся.
Ісаі 53:5
Калі стаіш у музеі «Берасце» і ўзіраешся ў чорную тысячагадовую яму з падмуркамі ды зрубамі хатаў, бачыш, колькі чалавечых жыццяў напластавалася за гэты час, колькі жыццяў стлела, якая руіна храмаў і якое радовішча герояў гісторыі пад нагамі, — займае подых: з якога ж дна прабіваўся гэты горад, якой глыбіні гэтая рана, поўная попелу і бітай крывавай цэглы…
Чаму ўдар за ўдарам зло біла, грохала менавіта сюды, крышыла святыні з такім шалам і не давала зажываць гэтаму агромністаму крывацёку?
У камяністых ваколіцах Ерусаліма цвікі працялі цела Хрыста — а праз стагоддзе ў сутоцы Буга і Мухаўца рэхам адгукнуліся ўдары молатаў, якімі ў балоцістую зямлю забівалі палі паселішча готы.
Ох, даўно Госпад і д’ябал пазначылі гэтае месца будучага стыку цывілізацыяў, межавы слуп народаў і імперыяў, сталіцу вернікаў, грэшнікаў і мытнікаў — ранай.
Менавіта яго, Берасце, жалезнымі ўдарамі крыжакоўрыцараў Генрыха Ланкастэра, будучага караля Англіі, Вітаўт адбіў у Ягайлы ў 1380-х, у 1409-м таемна выкоўваў разгром таго самага рыцарства пад Грунвальдам. Менавіта Берасце першым у межах сучаснае Беларусі атрымала магдэбургскае права — і стала галоўным горадам беларускага Ізраіля ў залатым веку ХIV—XVII стагоддзяў, цэнтрам габрэйскіх грамадаў ВКЛ. Рымскі закон і адчай гнанага габрэйства зноў сутыкнуліся тут — і зноў, як у Юдэі пачатку нашай эры, пад грукат цвікоў паміж імі падняўся крыж.
Якраз тут — самае балючае месца на целе беларускай царквы. Гэта з Берасця, з надрыўнага шва праваслаўнага і каталіцкага свету, у 1550-х раптам пачала крынічыць Рэфармацыя.
Мікалай Радзівіл Чорны, берасцейскі ваявода і найбольш уплывовы вялікалітоўскі магнат, абвясціў, што вяртаецца да простай веры ў Хрыста, заклаў першы кальвінскі збор, друкарню, выдаў Берасцейскую Біблію гатычным шрыфтам, каб навярнуць да евангельскага руху Польшчу… ды так заструменіла, што і праз стагоддзі, дацяпер Берасцейшчына — край пратэстанцкіх грамадаў.
Якраз тут, на зломе, у сутаргах, у крыках нараджалася найвялікшая унія за ўсе часы хрысціянскага падзелу, што ахопіць бальшыню беларусаў, пакіне адчуванне болю на цэлыя стагоддзі і дасць мільёны нашчадкаў ад Украіны да Канады і Аўстраліі.
Гэта яна, успоратая вострым жалезам берасцейская глеба, сталася амбонам і для правадыра уніі, берасцейскага кашталяна Іпація Пацея — і магілаю для ягонага яраснага супраціўніка, берасцейскага манаха Афанасія Філіповіча, закапанага жыўцом у зямлю, прылічанага да святых пакутнікаў праваслаўнай царквой, ды яшчэ і плахаю для езуіта Андрэя Баболі, якому звар’яцелыя казакі павыбівалі зубы, вырвалі язык ды валасы, садралі скуру і павесілі за ногі панад скрываўленым долам…
Даруй ім, Госпадзе, бо не ведаюць, што твораць!..
Білі шведы, білі казакі, білі расейцы, білі палякі, білі немцы, білі бальшавікі… Бурылі замак, палілі жыхароў, усаджвалі зброю на ўсю глыбіню, каб знішчыць беларускую таямніцу.
І калі Расейская імперыя канчаткова расцяла Рэч Паспалітую напрыканцы XVIII ст., нават пытання, дзе забіць цвік, не ўзнікала.
Увесь стары горад быў выпалены «выпадковымі» пажарамі, храмы зруйнаваныя — і з гэтай самай барвовай цэглы зубцамі, байніцамі і ўсёй пачварнай пашчай ашчэрылася Крэпасць. Пад Цытадэллю былі пахаваныя ўсе 500 гадоў цывілізацыі ВКЛ — і цяпер пусты горад, аднесены на дзве з паловай вярсты на ўсход, будзе толькі здалёк назіраць за тым, як б’ецца ягонае старажытнае сэрца.
Так Берасце сталася самай страшнай у гісторыі Беларусі, самай глыбокай ранай у спляценні жылаў і нерваў Беларусі, Польшчы ды Украіны — раны з агромністым іржавым цвіком Крэпасці.
Як тут білі, плявалі, вялі скрозь кляцьбу Беларусь!.. Дзялілі і паласавалі, нібы рызы Хрыстовы, кідалі жэрабя пра ейны лёс — і абвяшчалі тае рассячэнне не якім іншым — Брэсцкім мірам. А потым па жалезных літарах Пакту Молатава-Рыбентропа ў верасні 1939-га тут, тут, тут забівалі, пячаталі страявым крокам на супольным парадзе гітлераўская ды сталінская імперыі, брыгады Крывашэіна і Гудэрыяна.
Што ж яна магла рабіць пад бомбамі Люфтвафэ ў чэрвені-ліпені 1941га, гэтая Крэпасць — толькі паміраць і не здавацца.
Яшчэ ўдар — і нацысты знішчаюць велізарнае гета: каб не нараджала больш берасцейская рана ані стваральніка брэсцкага метаду вывучэння Талмуда Хаіма Салавейчыка, ані матэматыка, асістэнта Эйнштэйна, Якава Громера, ані прэм’ера адноўленай дзяржавы Ізраіль, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, Менахема Бегіна.
Яшчэ ўдар — і горад засяляецца пасля вайны савецкімі вайскоўцамі…
Але менавіта яна, берасцейская рана, пры канцы ХХ стагоддзя з Віскулямі раптам раскроіла «ад Брэста да Курылаў» увесь СССР — і адсюль жа вырваліся найвастрэйшыя носьбіты пранізлівай, наскрозь празрыстай беларускасці: філолаг класічнага правапісу Вінцук Вячорка, дырэктар беларускай службы радыё «Свабода» Аляксандр Лукашук…
Ясны знак раны і сапраўдны сцяг Берасця — бел-чырвона-белы.
Каб прабіцца ад Бога да чалавека, Богачалавеку давялося даць прабіць Сябе.
«Ранамі Яго мы ацаліліся»…
Ёсць гарады, у якіх, калі распластаешся нават на асфальце, табе будзе грукаць у грудзі.
Ці ведаюць, ці памятаюць сённяшнія трыста дваццаць сем тысячаў насельнікаў гэтага горада, дзе Бог даў ім жыць? Ці ведаюць, што шчопць берасцейскага праху ў сутоцы Буга ды Мухаўца пабывала і храмам, і крэпасцю, і чалавекам? І што кожнаму берасцейцу дадзена аднойчы паспытаць раптоўна ўнутранае здрыганне, калі памяць раптам разрываецца на крыжы, і, працятая, з пырскамі крыві і вады, расхінае табе ў зямной ране браму — на неба, следам за Ісусам Хрыстом…