Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька лічыць неабходным прымаць радыкальныя меры пры неналежнай мадэрнізацыі рынкаў. Аб гэтым ён заявіў на пасяджэнні Мінгарвыканкама.
У Мінску ў лістападзе 2012 года быў распрацаваны і зацверджаны план мерапрыемстваў па мадэрнізацыі рынкаў на 2013–2015 гады. У цэлым гэтая работа прызнана здавальняючай і выконваецца ва ўстаноўленыя тэрміны, за выключэннем рынкаў «Малінаўка», «Серабранка», «Ракаўскі кірмаш» і «Усход».
«Трэба адабраць зямлі ў рынкаў, мадэрнізацыя якіх праводзіцца неналежным чынам, і выставіць іх на аўкцыёны з наступнай кампенсацыяй выдаткаў уладальнікам.
Варта аформіць горадабудаўнічыя пашпарты з мэтай канфіскацыі зямель для дзяржаўных патрэб,- сказаў Мікалай Ладуцька. — Трэба прапаноўваць радыкальныя меры, адных вымоў недастаткова».
Начальнік упраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Аксана Канстанціновіч адзначыла, што па рынку «Усход» ужо складзены горадабудаўнічы пашпарт, рыхтуецца рашэнне на выстаўленне зямлі на аўкцыён.
Сярод праблемных момантаў мадэрнізацыі сталічных рынкаў яна назвала невыкананне мадэрнізацыі гандлёвых месцаў для продажу нехарчовых тавараў і сельгаспрадукцыі на адкрытай тэрыторыі рынку «Ракаўскі кірмаш», рэканструкцыю павільёна № 1 рынку «Малінаўка».