Працэнтныя стаўкі па крэдытах у Беларусі могуць быць адміністрацыйным чынам абмежаваныя.

Паводле інфармацыі БелаПАН, пра адпаведны праект дзяржрашэння стала вядома на нарадзе з удзелам кіраўнікоў банкаў, якая прайшла яшчэ 11 верасня. У дакуменце размова ідзе пра абмежаванне розніцы паміж стаўкамі па крэдытах і дэпазітах (да трох працэнтных пунктаў).

У прыватнасці, у праекце дзяржрашэння прапаноўваецца «ўстанавіць гранічны максімальны памер працэнтных ставак па крэдытах у беларускіх рублях, што выдаюцца банкамі юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам, у памеры працэнтнай стаўкі па новых тэрміновых банкаўскіх укладах у беларускіх рублях з улікам фактычных адлічэнняў у фонд абавязковых рэзерваў плюс 3 працэнтныя пункты».

Камерцыйныя банкі рыхтуюць свае адказы на гэты праект дзяржрашэння. Разам з тым, як адзначылі банкіры, прыняцце падрыхтаванага рашэння ў цяперашніх умовах можа фактычна спыніць працэс крэдытавання эканомікі.

Прадстаўнікі банкаўскага сектара адзначаюць, што дэпазітныя прадукты ў банкаў розныя, адпаведна, не зусім зразумела, да якой стаўкі па ўкладах можа быць «прывязаная» стаўка па крэдытах.

«Па дэпазітных прадуктах стаўкі зусім розныя, таму павінна быць зразумела, пра якую стаўку па ўкладах ідзе размова — сярэднюю, калі сярэдняўзважаную, то за які перыяд яе разлічваць. На сёння не зразумелы механізм, як з гэтым працаваць», — паведаміў эксперт у банкаўскіх колах.

Акрамя таго, паводле слоў банкіраў, прывязка ставак па крэдытах да ставак па дэпазітах ніяк не стыкуецца з сённяшняй сітуацыяй на міжбанкаўскім рынку, дзе кошт рублёвых рэсурсаў перавышае 60% гадавых.

«Рэсурсная база банкаў складаецца не толькі з дэпазітаў. Пытанні ліквіднасці банкаў вырашаюцца і на ўзроўні міжбанкаўскага крэдытавання, а там (на міжбанку) цяпер стаўкі па крэдытах знаходзяцца на ўзроўні 65–70%», — адзначае прадстаўнік аднаго з банкаў.

Банкіры чакаюць, што калі рашэнне аб прывязцы ставак па крэдытах да ставак па дэпазітах будзе прынятае без уліку кошту рэсурсаў на міжбанку, банкі проста не будуць крэдытаваць.

«Калі такое рашэнне (аб абмежаванні працэнтных ставак па крэдытах) будзе прынятае, яно папросту без змянення сітуацыі на рынку блакуе фінансаванне беларускіх прадпрыемстваў у беларускіх рублях», — падкрэсліў эксперт.

Цяпер у банкаўскай сістэме назіраецца востры дэфіцыт рублёвай ліквіднасці.

Як вынік стаўкі па аднадзённых міжбанкаўскіх крэдытах на гэтым тыдні перавысілі 60% гадавых, хаця ў пачатку месяца складалі менш чым 40%.

На гэтым тыдні асобныя банкі («Банк БелВЭБ», «Беларусбанк») ужо аб’явілі пра прыпыненне выдачы некаторых відаў крэдытаў. У прыватнасці, «Беларусбанк» спыніў выдачу спажывецкіх крэдытаў, «Банк БелЗЭБ» прыпыніў прыём заявак ад фізічных асоб на жыллёвыя і аўтамабільныя крэдыты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?