Ніводзін рэгіён Беларусі не дасягнуў прагназаванага ўзроўню эканамічнага росту, зазначаецца ў аглядзе, падрыхтаваным Міністэрствам эканомікі.Аб’ём валавога рэгіянальнага прадукту (ВРП) у Мінску, а таксама ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях у студзені-ліпені гэтага года склаўся ніжэйшым за ўзровень адпаведнага леташняга перыяду.

«Ва ўсіх рэгіёнах адзначаецца запавольванне тэмпаў росту ВРП у параўнанні з вынікамі першага квартала 2013 года, найбольшае — у Мінскай вобласці — 3,9 працэнтнага пункта», — гаворыцца ў аглядзе.

Паводле ацэнак Мінэканомікі, адсутнасць прыросту ВРП у Віцебскай вобласці звязана ў асноўным са змяншэннем аб’ёмаў аптовага тавараабароту прадукцыі нафтахіміі, у Магілёўскай — са скарачэннем вытворчасці прадукцыі прамысловасці і паказчыкаў будаўніцтва, у Мінску — з працай прамысловага сектара.

Як паведамлялася раней, у студзені-ліпені рост ВУП у Беларусі склаў 1,4% пры запланаваным урадам заданні на год на ўзроўні 8,5%.

Згодна са звесткамі Мінэканомікі, ключавыя сектары эканомікі не дэманструюць прагназаванага росту.

Экспарт тавараў у 2013 годзе знізіўся на фоне скарачэння знешняга попыту на беларускую прадукцыю. Паводле звестак Белстата, у студзені-ліпені таварны экспарт Беларусі склаў 22,5 млрд. долараў, што менш за паказчык аналагічнага леташняга перыяду амаль на чвэрць (на 23,3%).

Скарачэнне экспарту абумоўлена спыненнем экспарту растваральнікаў, зніжэннем паставак на знешнія рынкі прадукцыі беларускага машынабудавання. Апрача таго, зніжэнне валютнай выручкі, якая паступае ў краіну, сёлета абумоўлена зніжэннем сусветных цэн на калійныя ўгнаенні, экспартам якіх займаецца Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?