Беларуская партыя "Зялёныя" (БПЗ) часова прыпыніла свой удзел у выбарчай кампаніі ў рамках кааліцыі Аб'яднаных дэмакратычных сіл. Пра гэта БелаПАН паведаміў намеснік старшыні БПЗ, былы дэпутат Гомельскага гарсавета Юрый Глушакоў.

Паводле яго слоў, 15 верасня адбылося пасяджэнне Цэнтральнага савета партыі. БПЗ, "зыходзячы з таго, што выбарчая сістэма Рэспублікі Беларусь практычна не змянілася ў бок дэмакратызацыі", а таксама ў сілу таго, што партыя застаецца "паслядоўным і прынцыповым прыхільнікам сацыяльнай справядлівасці", не можа згадзіцца з шэрагам вылучаных кааліцыяй перадвыбарных патрабаванняў, у прыватнасці, з "сістэмай эканамічных рэформаў", якія прывядуць да неаліберальнай "шэрай" прыватызацыі і шокавай тэрапіі", — гаворыцца ў дакументах БПЗ.

У сувязі з гэтым Цэнтральны савет партыі заявіў аб часовым, "да ўзгаднення пазіцый, выхадзе БПЗ з перадвыбарнай кааліцыі", паведаміў намеснік старшыні БПЗ Ю.Глушакоў.

Нагадаем, што выбары ў Палату прадстаўнікоў павінны прайсці ў 2008 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?