Пісьменнік і шоўмен Усевалад Сцебурака даў вялікае інтэрв’ю «Салідарнасці», распавёўшы пра тонкасці вяселля па-беларуску. Усевалад — тамада, а колькасць праведзеных ім святаў імкліва набліжаецца да 200.

Усевалад, які нядаўна сам ажаніўся, таксама даў пяць парадаў, як арганізаваць уласнае вяселле.

Па-першае, маладыя, займайцеся падрыхтоўкай толькі ўласнымі сіламі!

Не далучайце бацькоў, дайце ім пабыць гасцямі. Няма горшага відовішча, чым загнаныя вочы матуляў і спустошаныя твары татаў, што бегалі тры месяцы як шалёныя, дагаджаючы дзеткам.

Па-другое, пачніце падрыхтоўку як мага раней.

За год ці ў крайнім выпадку за 8–9 месяцаў. Добрае свята трэба вынасіць як немаўля. Не так важная дата вяселля. Важна ўсё добра прадумаць!

Трэцяе: не выкідайце грошы на сумніўнае.

Ніхто з гасцей назаўтра не ўзгадае каралеўскія крэветкі на стале ці жывыя кветкі на ручках вашых аўто. Калі нешта вам на першы погляд падалося непатрэбным, яно непатрэбнае!

Чацвертае: свята робіць кампанія! Якія б ні былі стравы, які б ні быў рэстаран, настрой вечара залежыць ад публікі.

Таму запрашайце больш сяброў, а не тых, каго нібыта трэба (калегаў бацькоў, шэфа з працы, ці проста сёмую ваду на кісялі). Ну, не падорыць вам стрыечны дзядзька, якога вы бачылі два разы ў жыцці, 500 у.а., затое на свяце будзе ваш душэўны студэнцкі сябра, які павесяліць усіх: і патанчыць, і спяе!

Пятае, і апошняе: уважліва выбірайце фатографа і вядучага.

Яны на свяце вашыя джокеры. Пры самых вялікіх нестыкоўках, нечаканасцях і сюрпрызах прафесіяналы змогуць выцягнуць амаль усё. Адзіная просьба — не давайце ім парадаў. (Усміхаецца).

Глядзі таксама. Усевалад Сцебурака: Мужчыну столькі ж гадоў, колькі яго жанчыне

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0