Па факце атручвання школьнікаў у Мазыры распачата крымінальная справа паводле артыкула «Парушэнне санітарна-эпідэміялагічных правілаў, што пацягнула па неасцярожнасці захворванне людзей». Праводзіцца расследаванне, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Юлія Ганчарова.
Нагадаем, што цягам другой паловы дня чацвярга і ночы пятніцы ў Мазыры ў гарадскую бальніцу з харчовымі атручваннямі быў дастаўлены 71 школьнік. Дзецям з лёгкай формай атручвання зрабілі прамыванне і адпусцілі дадому.
На раніцу пятніцы ў бальніцы знаходзіліся 13 чалавек, паведаміў «Нашай Ніве» галоўны доктар Мазырскай гарадской бальніцы Сяргей Ганковіч.
Раней паведамлялася, што на сняданак у чацвер, 19 верасня, школьнікі елі бульбяное пюрэ, адвараную каўбасу, салату з агародніны і глазураваныя сыркі.
Увечары многія дзеці адчулі боль у страўніку і звярнуліся па медыцынскую дапамогу.
Kp.by удакладняе, што сапсаванымі былі прадукты, прывезеныя ў навучальныя ўстановы дзяржпрадпрыемствам «Школьнае харчаванне».





