Па‑мойму, сп. Богдан «загаварыў праблему», бо ўсе ягоныя высновы маюць дыскусійны характар і адводзяць у бок ад галоўнага. Таму я спынюся толькі на адной выснове‑пытаньні. З кім яднацца?

Найперш, са школай. Базавыя моўныя веды пасьля школы не пераглядаюцца абсалютнай бальшынёй нашых суайчыньнікаў і ўсё, што напісана «няправільна», або патрабуе тлумачэньняў, або — што часьцей — застаецца адкінутым.

Па‑другое, яднацца з абсалютнай бальшынёй актыўных у справе беларускай асьветы, навукі і літаратуры людзей. Чаму не карыстаюцца клясычным правапісам Генадзь Сагановіч, Міхась Казлоўскі, часопіс «Наша вера», газэта «Наш час», беластоцкая «Ніва», большасьць рэгіянальных выданьняў асьветнага й краязнаўчага характару? Гэта пытаньне да іх, для мяне — так ёсьць. Па‑трэцяе, яднацца з абсалютнай бальшынёй беларускамоўнай кніжнай ды іншай друкаванай прадукцыі. Давайце глядзець праўдзе ў вочы. Клясычным правапісам сёньня пасьлядоўна карыстаецца столькі друкаваных пэрыёдыкаў, колькі можна пералічыць на пальцах адной рукі. І гэта выключна т. зв. элітарныя выданьні. Усё, што разьлічвае на водгук у шырокім народзе, карыстаецца афіцыйным правапісам.

Заўважце, я ні разу не сказаў пра яднаньне з «расейскамоўным рэжымам», якому мы павінны складаць канкурэнцыю. «Тарашкевіца» сёньня — гэта ўцёкі ад такой канкурэнцыі ў свой паралельны сьвет. Нас ува ўсёй гэтай справе мусіла б клапаціць будучыня мовы і найбольш мэтазгодныя для яе крокі й захады. У 1990‑я гады такім крокам было пашырэньне клясычнага правапісу, асабліва сярод моладзі. Сёньня мэтазгодна вярнуцца да афіцыйнага. Заўтра, магчыма, будзе сэнс у чарговым наступе клясыкі. Але давайце не губляць адчуваньня гэтае мэтазгоднасьці дзеля будучыні мовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?