![]() Кірыла Атаманчык |
Супрацоўнікі спэцслужбаў лядзяць ператрус на кватэры актывіста незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» Кірылы Атаманчыка ў Жлобіне.
Кірыл паведаміў «Радыё Свабода», што супрацоўнік міліцыі ў цывільным патлумачыў яму — ператрус робіцца ў межах крымінальнай справы, распачатай КДБ супраць актывістаў «Маладога фронту» за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.
Гэта ня першы ператрус на Гомельшчыне. У нядзелю міліцыянты зрабілі ператрус на кватэры яшчэ аднаго маладафронтаўца — Арсеня Ягорчанкі ў Сьветлагорску. Па яго словах, міліцыянты мелі пры сабе санкцыю пракурора на канфіскацыю незарэгістраваных друкаваных матэрыялаў.
«Мне не казалі ў часе ператрусу, што супраць мяне распачатая крымінальная справа» — паведаміў А. Ягорчанка.
Варта адзначыць, што ў верасьні адбылася тры судовыя працэсы супраць маладафронтаўцаў. 4 верасьня ў Нясьвіжы мясцовая актывістка Наста Азарка была аштрафаваная на 40 базавых велічыняў за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Паводле таго ж артыкулу ў той жа дзень у Салігорску Іван Шыла атрымаў судовую перасьцярогу за ўдзел у незарэгістраваным «Маладым фронце». 11 верасьня суд у Баранавічах пакараў штрафам у памеры 30 б.в. Яраслава Грышчэню. Нагода — усё той жа артыкул 193 КК.





