Сёння суддзя Цэнтральнага раённага суда Гомеля Марына Дамненка прызнала маладзёвага актывіста Андрэя Цянюту вінаватым у лаянцы ў грамадскім месцы і прызначыла яму 10 сутак адміністратыўнага арышту.

Нагадаем, Андрэй Цянюта быў затрыманы прарэктарам па выхаваўчай працы Сяргеем Ханенем каля будынку ўніверсітэта 14 верасня. Паводле сведчанняў універсітэцкага начальніка, маладзён расклейваў улёткі з інфармацыяй пра незаконна адлічанага студэнта матэматычнага факультэта Змітра Жалезнічэнку. Актывіст утрымліваўся прарэктарам у ягоным кабінеце да прыезду міліцыянтаў. У пратаколе Сяргей Ханеня сведчыў, што падчас затрымання юнак брыдкасловіў і штурхаўся.

Сведкамі на працэсе выступілі Ханеня і яшчэ адзін прарэктар Юры Кулажанка. Апошні сказаў, што не чуў лаянкі ад Цянюты. А галоўны ідэолаг ГДУ Ханеня заявіў, што Цянюта крычаў пра любоў да Радзімы, лаяўся і апеляваў да Дэкларацыі аб правах чалавека, якая была ў яго ў руках.

Адвакат актывіста Пётр Барысаў лічыць прысуд неапраўдана жорсткім. Ён не бачыць у дзеяннях Цянюты таго, за што можна было б прысудзіць 10 сутак. Максімум, у чым яго маглі абвінаваціць — гэта абраза Ханені, які кажа, што Цянюта яго штурхаў, мяркуе Барысаў.

Юлія Сівец, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0