Ілюстрацыйнае фота, bmwblog.com.
Супрацоўнікамі аддзела крымінальнага вышуку Савецкага РУУС сталіцы затрыманы аферыст, які, скарыстаўшыся даверлівасцю грамадзян, выкраў у іх буйную суму валюты, паведамляе БелаПАН.
Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, летам 2013 года грамадзянін замежнай дзяржавы ўзяў у арэнду ў адным з мінскіх гандлёвых цэнтраў памяшканне, куды даверлівыя людзі прыносілі свае зберажэнні з мэтай афармлення здзелкі на куплю дарагіх аўтамабіляў за мяжой.
Зламыснік абяцаў у самы кароткі тэрмін і па прымальнай цане даставіць у Беларусь аўтамабілі «БМВ», «Поршэ» і да т.п.
У дамовах значылася імя дырэктара ТАА «Інтрэйд» Раманава Уладлена Генадзевіча, якім называўся махляр.
Сабраўшы з замоўцаў прыкладна $200000, махляр знік разам з грашыма.
Пацярпелыя звярнуліся ў міліцыю, дзе высветлілася, што фірма і яе дырэктар не існуюць, а нумары кантактных тэлефонаў зарэгістраваныя на пабочных людзей.
Лжэпрадпрымальніка затрымалі аператыўныя супрацоўнікі Савецкага РУУС Мінска.
У арандаванай ім кватэры былі знойдзены дакументы, што сведчаць асобу, на імя грамадзян РФ і Украіны.
Паводле наяўнай аператыўнай інфармацыі, махляр можа мець дачыненне да ўчынення аналагічных злачынстваў на тэрыторыі Беларусі, а таксама ў шэрагу краін СНД.
Праводзіцца расследаванне.





