У пачатку кастрычніка ў інтэрнэце адбудзецца прэм’ера супольнага музычнага праекта «Апошні золак», удзельнікі якога выступаюць за спыненне практыкі смяротнага пакарання ў Беларусі.

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці супольнага праекта беларускіх музыкаў пад назвай «Апошні золак». Складанка, якая найбліжэйшым часам з’явіцца ў сеціве, прысвечана смяротнаму пакаранню. Абяцалася, што кожны з сямі музыкаў праспявае песню пра той ці іншы спосаб здзяйснення «найвышэйшай меры».

У выніку, Лявон Вольскі заспявае пра ўкрыжаванне, Аляксандр Памідораў пра газавыя камеры, Ганна Хітрык пра гільяціну, Алесь Дзянісаў пра расстрэл, Віктар Рудэнка пра атруту, Зміцер Вайцюшкевіч пра шыбеніцу, а Наста Шпакоўская пра электрычнае крэсла.

Музыкаў, што ўзялі ўдзел у праекце, аб’ядноўвае непрыманне смяротнага пакарання, і таго факта, што Беларусь стала апошняй краінай Еўропы, дзе смяротнае пакаранне дагэтуль не адмененае.

«Факт у тым, што з-за аднаго дрэннага чалавека можа загінуць нехта цалкам невінаваты. Любы з нас. Для мяне гэта галоўнае», — кажа Аляксандр Памідораў.

Лявон Вольскі перакананы што нават самы злосны злачынец мусіць мець права ўсвядоміць цяжкасць зробленага і пакаяцца. «У гэтым сэнсе пажыццёвае зняволенне ў выпадку асабліва цяжкага злачынства будзе больш слушным пакараннем », — адзначае ён.

Праект «Апошні золак» прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка. З 1997 года Еўропа дэ-факта з’яўляецца прасторай, вольнай ад смяротнай кары.

Трансляцыю жывой прэм'еры праекта "Апошні золак" глядзіце на NN.BY у суботу, 5 кастрычніка, а 19.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?