«На блакітны дыван не наступаць», — папярэджвае Ванэса, publicist, што абазначае прыблізна спецыяліст па сувязях з грамадскасцю, пры CirqueduSoleil. У дзень першага шоў, якіх у Мінску будзе пяць, журналістаў запрасілі паглядзець на тое, як рыхтуецца праграма самага запатрабаванага цырку ў свеце.

На недасяжным для старонніх блакітным дыване з тузін артыстаў праводзіць размінку, «Цырк Сонца» шматнацыянальны, побач размінаюцца дзве дзяўчыны-японкі, хлопец у спартыўным касцюме з надпісам Russia, і артыст (ён жа трэнер) Марк з Канады.

Праграма Alegria, якую цырк прывёз у Мінск, самая старая ў рэпертуары — ёй болей за 20 год.

Cirque du Soleil гэта не цырк у класічным разуменні — з клоўнамі, сланамі і нумарамі, што ідуць адзін за адным. Кожнае шоў — гэта канцэптуальная гісторыя з жывой музыкай, і развітым сюжэтам.

Вышэйузгаданая Alegria расказвае пра канфлікт пакаленняў, якія дзеляць паміж сабой уладу ў асобна ўзятай краіне: гэта пакаленне маладзейшае, схільнае да ўсяго новага, і пакаленне сталае, настроенае куды як кансерватыўней.

«У нашай трупе 55 артыстаў і 45 чалавек персанала», — расказвае Ванэса. — Гэтае шоў мы найчасцей возім па свеце, праехалі больш за 240 гарадоў. Нас вельмі цешыць, што ў Мінску раскупленыя амаль усе квіткі, калі шоў нам спадабаюцца, магчыма мы прыедзем да вас яшчэ».

Увогуле ў камандзе Cirque du Soleil ля ста чалавек, амаль палова з якіх адказвае за касцюмы, вопратку, грым, ахову, чатыры кухара, чатыры касцюмера і гэтак далей. Перасоўваецца цырк на 22 фурах, і нават дзіўна, як усе рэчы змяшчаюцца ў іх.

Па завядзёнцы, прынамсі выглядае так, Ванэса знаёміць журналістаў з артыстам-беларусам Славай, адным з тых, што выступаюць на брусах. Ягоная роля — адна з «маладых птушак».

«Мой сябар аднойчы парэкамендаваў мне даслаць відэа са сваім выступам у Cirque du Soleil, — кажа Слава. — Літаральна праз дзень мне патэлефанавалі з Манрэаля, і запрасілі падпісаць кантракт».

Насамрэч, трапіць у Cirque du Soleil можна не толькі адправіўшы відэа, мэнэджары самі падбіраюць будучых артыстаў сярод цыркачоў і спартоўцаў. Часам апошнім даводзіцца мяняць сваю спецыялізацыю, але ўсе яны сыходзяцца на думцы, што Cirque du Soleil таго варты.

«Мінск-Арэна» зменшылася амаль удвая — сцэна займае палову памяшкання. Мы назіраем за рэпетыцыяй гімнастаў — святла амаль няма, успышкай у фотаапараце карыстацца нельга, выпадковае святло можа трапіць у вока артыста, які і так займаецца рэчамі небяспечнымі — яшчэ зусім нядаўна на выступе ў Лас-Вегасе загінула адна з артыстак цырка.

«Пасля гэтага мы сталі болей увагі надзяляць уласнай бяспецы, — кажа Ванэса. — Бо мы звыкліся да штодзённай рызыкі і перасталі думаць пра яе, а гэта небяспечна».

Журналісты атачаюць канадскага трэнера з пытаннямі пра Мінск і дранікі (кажуць, вышэйузгаданы Слава аднойчы накарміў імі ўсю групу).

Так, горад артыстам спадабаўся, хоць яго амаль не бачылі, вельмі чыста, шмат зеляніны на вуліцах. Нашмат лепей, чым у шматлікіх гарадах Расіі.

Для шоў Alegria падрыхтавана 700 касцюмаў, кожны з якіх створаны ўручную.

Гіганцкая шафа ў гардэробнай (пад якую ў Мінск-Арэне адвялі адзін з калідораў) падзелена на асобныя секцыі: «маладыя птушкі», «старыя птушкі», «ніфмы» і гэтак далей. Кожны раз вопратка мусіць выглядаць як новая. Канадцы сапраўдныя прафесіяналы — касцюмы прадуманы да дробязяў, кожная маска зроблена ўручную (увогуле, усё што тычыцца касцюмаў мае пазнаку «хэндмэйд») і з твару таго ці іншага акцёра. Для гэтага артысты звычайна едуць у Манрэаль. Нават для музыкаў падрыхтаваныя персанальныя сіліконавыя насы-дзюбы, у асобных скрынках.

Ля сцэны праходзіць апошняя тэхнічная падрыхтоўка — супрацоўнікі Арэны перамаўляюцца: «Вось тыя два шэрагі трэба адправіць у продаж заўтра». На сённяшняе шоў квіткоў ужо няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?