На вуліцы рэзка пахаладала. Гэтая восень можа стаць адной з самых халодных за апошнія дзесяцігоддзі.

Звычайна патрэба ўключаць ацяпленне надыходзіць у Мінску 10–15 кастрычніка. А цяпер ужо ў гэты, апошні вераснёўскі тыдзень, сярэднесутачныя тэмпературы стабільна апусціліся ніжэй за 8 градусаў. Усіх цікавіць, калі ж уключаць ацяпленне.

Паводле нормаў, ацяпленне ў кватэрах уключаюць, калі сярэднесуткавая тэмпература паветра цягам пяці дзён трымаецца на ўзроўні +8 градусаў або ніжэй.

Для школ, дзіцячых садкоў, медыцынскіх ды іншых сацыяльных устаноў гэты паказчык іншы: +10.

«Чаканыя пятыя суткі для жыхароў кватэр наступяць у нядзелю. А калі браць сацыяльныя аб’екты, то сёння ідзе чацвёрты дзень з сярэднесуткавай тэмпературай ніжэй за +10. І пацяплення вышэй гэтай адзнакі не чакаецца да 5 кастрычніка», — паведаміла галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметцэнтра Людміла Парашчук.

Начальнік Упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама Дзмітры Янчык паведаміў «Нашай Ніве», што «сёння рыхтуецца рашэнне Мінгарвыканкама, але яно павінна прайсці ўсе ўзгадненні.

Калі сярэднесутачная тэмпература апусціцца ніжэй за норму, пачнуцца ўключэнні ацяплення. Спачатку на аб'ектах першай чаргі — сацыяльных, затым у кватэрах, а затым на астатніх аб’ектах. Аб’екты будуць падключацца па 20% у дзень, то бок цягам пяці дзён пасля пачатку ацяпляльнага сезона ўсе батарэі пацяплеюць», — паведаміў ён.

Яшчэ ў аўторак, каментуюцы ўключэнне ацяплення ў Маскве і адсутнасць яго ў Мінску, Дзмітры Янчык нагадваў, што ацяпленне ў Мінску пачынаецца ўзвычайна сярэдзіне кастрычніка, і мінчукам трэба чакаць цёплыя радыятары на Пакроў (14 кастрычніка).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?