Заснавальнік «Руснефці» Міхаіл Гуцэрыеў заявіў, што цяпер яго не цікавіць купля долі ва «Уралкаліі». Праблемы ўзніклі і на перамовах з банкірам Уладзімірам Коганам.

«Былі б грошы — я б купіў», — сказаў Гуцэрыеў журналістам.

26 верасня крыніца, блізкая да кампаніі «Уралкалій», паведаміла журналістам, што прадстаўнікі прадпрымальніка Уладзіміра Когана на перамовах па куплі долі ва «Уралкаліі» адчуваюць цяжкасці, звязаныя з новымі патрабаваннямі акцыянераў вытворцы мінеральных угнаенняў.

Паводле яго слоў, у ходзе мінулага тыдня кіруючая кампанія Сулеймана Керымава «Нафта Масква» выставіла новыя патрабаванні, якія маюць нефінансавы характар і не тычацца сумы здзелкі. Коган прапанаваў галоўнаму ўладальніку «Уралкалія» мільярдэру Сулейману Керымаву 3,7 мільярда долараў за яго долю ва «Уралкаліі».

«Новыя сустрэчныя патрабаванні могуць перавярнуць здзелку з ног на галаву», — адзначыла крыніца РІА «Новості». Яна дадала, што праблем з вяртаннем Когану авансу, ужо выплачанага Керымаву, не будзе.

25 верасня стала вядома, што кітайскі суверэнны фонд Chengdong Investment Corporation (CIC) у выніку канвертацыі аблігацый у звычайныя акцыі набыў 12,5% акцыянернага капіталу «Уралкалія».

У той жа дзень інфармацыйнае агенцтва Bloomberg са спасылкай адразу на тры неназваныя дасведчаныя крыніцы паведаміла, што група «Анэксім» мільярдэра Міхаіла Прохарава разглядае магчымасць куплі долі Сулеймана Керымава ў ААТ «Уралкалій».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?