Адносна фельчара мінскага СІЗА № 1, які дзяжурыў у ноч смерці Ігара Пцічкіна, распачата крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 162 (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медработнікам, што пацягнула за сабой па неасцярожнасці смерць пацыента).

Выпадак 21-гадовага мінчука Ігара Пцічкіна прымусіў задумацца, што ўвогуле ўяўляе з сябе турэмная медыцына.

Мы апыталі былых палітвязняў, якія падчас знаходжання за кратамі мелі істотныя праблемы са здароўем.

«Дактары спрабавалі застацца дактарамі»

Зміцер Бандарэнка мучыўся ў турме ад праблемаў са спінай. Урэшце яму зрабілі аперацыю на хрыбце. Пасля з’яўляліся іншыя балячкі – сасуды.

«Турэмная медыцына нярэдка выкарыстоўваецца як сродак ціску на вязняў, — кажа Зміцер.

– На этапе следства табе кажуць, што належную дапамогу могуць аказаць толькі ў тым выпадку, калі ты будзеш супрацоўнічаць, даваць паказанні. Так было і ў мяне ў «амерыканцы», калі мне трэ’ былі кансультацыі неўролага, нейрахірурга. Я б сказаў, што ў турме КДБ не было, як такой, медыцыны, а былі элементы медыцыны».

«Штодня па камерах ходзіць фельчар»

Потым Змітра перавялі ў іншы следчы ізалятар на вуліцу Валадарскага, там, дзе і адбыўся выпадак з Ігарам Пцічкіным.

«Штодня па камерах ходзіць фельчар, запісваючы, ці ёсць у каго скаргі, ці трэба кансультацыі доктара, раздае таблеткі.

Тым не менш, просьбы могуць проста праігнараваць. Я чакаў прыёму ў доктара больш за тыдзень».

Характэрная рэч, што на сёння больш не існуе Рэспубліканскай турэмнай бальніцы, якая раней месцілася на Кальварыйскай. Ёсць асобныя аддзяленні на сотню чалавек у тым жа СІЗА на Валадарскага і ў Жодзіне.

«Гэта камера з двухяруснымі ложкамі. Пасля аперацый людзі нярэдка вымушаныя лезці на другі паверх. У дачыненні да мяне нагляд быў належным, але гэта дзякуючы ўвазе міжнародных арганізацый», — працягвае Бандарэнка.

«Дактары спрабавалі застацца дактарамі»

«У Магілёўскай турме №15 умовы былі больш-менш. Было добрае харчаванне. Адзіны мінус – адсутнасць прагулак для хворых. Ведаеце, у турэмнай медыцыне шмат чаго залежала ад аператыўных работнікаў. У медчастцы маглі пакласці і здаровага чалавека, калі быў такі загад, а хворага – не. Ужо няма чалавек дванаццаць з тых, з кім я сядзеў», - расказвае Бандарэнка.

Тым не менш, ён кажа, што кваліфікацыя дактароў была нармальнай. «Калі няма загаду на адваротнае, то яны робяць усё прафесійна».

Аперацыю Бандарэнку рабілі ў цывільным шпіталі. Адразу пасля хірургічнага ўмяшання яго прыкавалі кайданкамі да ложка, ахоўвалі тры міліцыянты. «Гэта вельмі дарагое задавальненне. Таму ўсе хочуць, каб хутчэй выпісалі».

Зміцер кажа, што адной з галоўных праблемаў з’яўляецца не якасць медыцынскіх паслуг, а адсутнасць сродкаў на лячэнне. «Існуе такое грамадскае меркаванне, што там бандыты і іх лячыць неабавязкова. І гэты стэрэатып падтрымліваюць чыноўнікі, а калі самі аказваюцца ў турме, то жахаюцца ад мясцовай медыцыны. Пры ўсім пры гэтым дактары спрабавалі застацца дактарамі».

«Адна ад галавы, другая – ад жывата»

«Турэмная медыцыны – рэч вельмі спецыфічная», — кажа сустаршыня Хрысціянскай дэмакратыі, палітвязень Павел Севярынец.

У яго падчас зняволення быў зашчэмлены нерв на спіне.

«На Акрэсціна ёсць такі сумны жарт, блізкі да праўды. Калі прыходзіць лекар, то ён разломвае таблетку на дзве часткі. Адну дае ад галаўнога болю, другую – ад жывата. На «сутках» вельмі мала што ёсць з лекаў. Калі сапраўды ўзнікаюць праблемы, то выклікаюць дактароў з хуткай дапамогі.

У «амерыканцы» ўсю інфармацыю, што запісвалі медыкі, хавалі ад вачэй самога пацыента. Ён нешта піша, але пры гэтым прыкрывае ўсё рукой. Калі пытаешся, што пішуць, то чуецца адказ: «Мы робім усё, што трэба».

Прыходзіш да такога доктара, нібыта і ўсмешка ў яго на твары, але пры гэтым адчуванне, што трапіў да інквізітара. Прыгнятаючая атмасфера, пры гэтым з табой ніхто не гаворыць».

«Сочаць, каб не загнуўся»

Паэт, кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў трапіў у СІЗА КДБ пасля збіцця. Кадр ягонага апухлага ад удару твару абляцеў паўсвету.

«З майго досведу стаўленне такое: жывы чалавек – добра, памёр – дык усе паміраюць.

У «амерыканцы» была нейкая эпідэмія. Усе камеры душыліся ад кашлю. Прычым, гэта была не прастуда. Але ніхто нічога не рабіў. Завядуць у медпункт ды дадуць аспірыну, вось і ўсё. Сачылі толькі, каб не загнуўся».

«У мяне было некалькі гіпертанічных крызаў, - кажа Някляеў. – Дык не ведалі, што рабіць. Выклікалі дактароў з цывільнага шпіталя. Калі ў наступны раз здарыўся крыз, то пабачылі, што будзе «жмурык», так яны на сваім жаргоне нябожчыкаў называюць. Забралі ўначы ў машыну ды павезлі некуды за горад. Гэта нават не шпіталь быў, а нейкая лабараторыя, дзе эксперыменты рабілі. Тры дні мяне там трымалі».

«ННП: Умовы там былі людскімі?

УН: Якія людскія? Два чалавекі ў масках пры мне сядзелі. Адзін ля галавы, другі – у нагах. Ва ўсім чорным, нібыта магілу прыйшлі мне капаць. А лячэнне? Нешта ўсё калолі і калолі. Шпігавалі мяне нечым, каб не памёр.

Уладзімір Някляеў згадвае анекдатычны выпадак, які адбыўся з ім у «амерыканцы».

«Вырашылі, што мае крызы звязаныя з цяжкім псіхалагічным станам, вось і запрасілі псіхолага, каб ён мяне супакоіў. Чалавек гэты так расхваляваўся, што я яго больш супакойваў, чым ён мяне», – смяецца лідар «Гавары праўду».

«Ні пра што з дактарамі я не размаўляў, яны маўчалі. Ні прозвішчаў, ні імёнаў іх не ведаю. Толькі адзін быў прыстойны чалавек.

Калі я спытаўся, як яго называць, то адказаў – Айбалітам. Ён выконваў свае функцыі вельмі прафесійна і па-людску. Такія прыстойныя людзі, незалежна ад сістэмы, ёсць і сярод ахоўнікаў, і следчых, і канваіраў. Быў такі і сярод медыкаў. Доктар Айбаліт».

Доктар Ёзэф Менгеле

Доктар-нацыст, які здзекаваўся з вязняў лагера Асвенцым. Ён асабіста выбіраў людзей для сваіх злачынных доследаў. Ахвярамі Менгеле сталі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Вязні называлі яго «Анёлам смерці». Пасля вайны Менгеле ўцёк у Паўднёвую Амерыку, дзе яго так і не змаглі высачыць.

***

Як стала вядома ў пятніцу, 27 верасня, адносна фельчара мінскага СІЗА №1, які дзяжурыў у ноч смерці Ігара Пцічкіна, распачата крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 162 (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медработнікам, што пацягнула за сабой па неасцярожнасці смерць пацыента).У выпадку, калі віна фельчара будзе даказаная, яму можа пагражаць да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Жыхар Мінска Ігар Пцічкін памёр на «Валадарцы» 4 жніўня. Яго смерць наступіла пасля таго, як ён правёў у СІЗА 4 дні. Маскоўскі раённы аддзел Следчага камітэта вядзе праверку па факце смерці Ігара Пцічкіна.

4 верасня тэрмін правядзення праверкі падоўжаны да 4 лістапада 2013 года. Дагэтуль сваякам афіцыйна не паведамілі прычыну смерці Ігара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?