Кожныя два тыдні памірае яшчэ адна мова: па ацэнках навукоўцаў, пагроза зьнікненьня навісла прыблізна над 40 % моваў сьвету. Але глябалістам рана радавацца, бо ня хутка сьвет пачне размаўляць на адной мове: хай сабе і ня так імкліва, але расьце колькасьць новых, штучных моваў.
Напрыклад, ёсьць такі народ — ніўхі — які жыве ва Ўсходняй Сыбіры. Але 90% ніўхаў аддаюць перавагу расейскай мове. Адна з прычынаў — складанасьць мовы. Так, напрыклад, у ёй ажно 26 набораў лічэбнікаў, якія выкарыстоўваюцца ў залежнасьці ад прадмету гутаркі.
Па меркаваньнях лінгвістаў, да канца бягучага стагодзьдзя зьнікне палова моваў сьвету. Носьбітамі 80 асноўных моваў, напрыклад, ангельскай, расейскай і мандарынскага дыялекту кітайскай, зьяўляецца прыблізна 80% насельніцтва плянэты. А на 3500 «лінгвістычных карліках» размаўляе толькі 0,2% жыхароў сьвету.
Па словах Дэвіда Харысана, аўтара кнігі «Калі памірае мова», такіх тэмпаў выміраньня моваў чалавецтва яшчэ не бачыла:
«Яно адбываецца хутчэй за выміраньне расьлінаў і жывёл. У «Чырвоную кнігу» можна было б занесьці 40% моваў. Што тычыцца флёры і фаўны, то пад пагрозай зьнікненьня знаходзяцца 8% відаў расьлінаў і 18% відаў млекакормячых – не так ужо і шмат у параўнаньні з мовамі!»
Відавочнымі чыньнікамі зьнікненьня мовы зьяўляюцца міграцыя і глябалізацыя. А таксама дзеці, асабліва ад зьмешаных шлюбаў, якія не разумеюць каштоўнасьці роднай мовы і аддаюць перавагу той мове, на якой камунікуе большасьць. Таксама і праца: у шматнацыянальных кампаніях разнастайнасьць моваў замяняецца на прафэсійны жаргон.
Харысан і ягоны калега Грэг Андэрсан, дырэктар Living Tongues Institute, выявілі ў сваім дасьледваньні пяць «гарачых кропак», дзе выміраюць мовы:
• Поўнач Аўстраліі;
• Цэнтральная Амэрыка;
• Штат Аклахома і паўднёвы захад ЗША;
• Паўночна-Заходняе плято на Ціхаакіянскім узьбярэжжы Паўночнай Амэрыкі;
• Усходняя Сыбір.
Страта моваў азначае і страту нацыянальнай тоеснасьці. Так, напрыклад, у эскімосаў мноства абазначэньняў сьнегу. А на мове таратан (інданэзійскі востраў Сулавэсі) ёсьць адмысловае слова для сытуацыі, калі вы прачынаецеся і заўважаеце, што нешта зьмянілася (напрыклад, хтосьці сапе побач) – у галаве аднаго з 200 носьбітаў мовы пранясецца Matuwuhou!
Яшчэ больш істотна, што разам з мовамі зьнікаюць ня толькі асобныя словы і своеасаблівыя культуры, але і значная доля ведаў, назапашаных чалавецтвам.
Напрыклад, 4 тысячы носьбітаў мовы кайяпо (Бразілія) адрозьніваюць 56 відаў пчол, якіх яны распазнаюць па самым розным адметнасьцям: ад траекторыі палёту да якасьці мёду.
А лекары-траўнікі зь балівійскага племя кальявайя цягам апошніх 500 год шыфруюць свае веды аб тысячах лекавых расьлінах і перадаюць назовы і агулам сваю тайную мову ад бацькі да сына. Атрымоўваецца ахова патэнту лінгвістычнымі сродкамі. А колькі фармацэўтычных кампаніяў робіць мільярды на народных ведах, атрыманых проста так?
На жаль, працэс зьнікненьня моваў не спыніць. Галоўнае – пасьпець зафіксаваць іх унікальнасьць.
Адзінае, што радуе, беларуская мова ў дасьледваньні не патрапіла.
Існуе і адваротная тэндэнцыя – ўзьнікненьне штучных моваў, якія канструююцца людзьмі мэтанакіравана. Такіх моваў ужо больш за тысячу і ўвесь час узьнікаюць новыя.
Адрозьніваюць некалькі відаў такіх моваў:
• Мовы праграмаваньня і кампутарныя мовы;
• Інфармацыйныя мовы;
• Фармалізаваныя мовы навукі;
• Мовы неіснуючых народаў, створаныя з мастацкімі або забаўляльнымі мэтамі (напрыклад, мова эльфаў, прыдуманая Дж. Толкінам);
• Міжнародныя мовы-дапаможнікі.
А камусьці і ўвогуле словы не патрэбныя - часам дастаткова простага смайліка :-), і ўвогуле, сымбалі, якімі мы штодня карыстаемся ў інтэрнэт-камунікацыях, таксама склаліся ў своеасаблівую мову.





