Зянон Пазьняк

16 гадоў таму бел‑чырвона‑белы сцяг і герб «Пагоня» былі афіцыйна абвешчаныя дзяржаўнымі сімваламі Беларусі. У той жа самы вечар сцяг залунаў над Домам ураду, дзе на працягу дня вяліся спрэчкі паміж дэпутатамі Вярхоўнага Савета.

19 верасня 1991 года парламентарыі прымалі рашэнне наконт афіцыйнай назвы нашай краіны і яе сімволікі. Тагачасны лідэр Беларускага народнага фронту Зянон Пазняк распавёў Еўрарадыё, што не хапала голаса‑двух, і ён асабіста прасіў дэпутата‑камуніста падтрымаць новую сімволіку.

«Камуністычная большасць была супраць. Яны нават не хацелі пераназываць краіну, а пакінуць БССР. Гэта была вельмі нервовая і вельмі цяжкая барацьба. Сесія цягнулася практычна цэлы дзень. Даводзілася рабіць перапынкі, шмат галасаваць, праводзіць перамовы, папраўкі. Заўсёды не хапала аднаго‑двух галасоў. Памятаецца, я падышоў да аднаго камуніста. Ён быў у ветэранскай групе, якая заўсёды галасавала супраць. Я ўзяў яго за руку і папрасіў: «Прагаласуйце за сцяг і герб дзеля нашай будучыні. Я вас прашу як беларус беларуса». І ён прагаласаваў».

Пазняк прызнаўся, што калі нарэшце ўбачыў пераможны вынік галасавання, то ўпершыню ў жыцці страціў прытомнасць ад неверагоднага ўзрушэння:

«Калі выйшлі, ужо цямнела, але з плошчы не разыходзіліся. Спявалі, плакалі, адбымаліся… Я памятаю, Пятро Садоўскі спяваў у мікрафон беларускія ваярскія песні».

Тагачасны кіраўнік краіны, старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч узгадвае, што прыняць герб і сцяг вельмі дапамаглі Уладзімір Платонаў і Георгій Таразевіч.

«Удалося гэта зрабіць, дзякуючы дастойнай пазіцыі тагачаснага прэзідэнта Акадэміі навук Уладзіміра Платонава і дзякуючы чалавеку з той партыйнай наменклатуры, якая не пагаджалася з новай сімволікай,— Георгію Таразевічу. Яны выступілі ў падтрымку гэтай сімволікі, дзякуючы чаму яна і была прынятая».

Адразу пасля прыняцця Закону «Аб дзяржаўных сімвалах» на Доме ўрада з’явіўся бел‑чырвона‑белы сцяг, які загадзя прынеслі дэпутаты з БНФ. Еўрарадыё вырашыла знайсці чалавека, які вывешваў новыя сімвалы незалежнай Беларусі. Начальнік сакратарыята Вярхоўнага савета Аляксандр Анціпенка ўласна аддаваў загад павесіць сцяг, аднак імёнаў людзей, якія непасрэдна гэта зрабілі, ён не памятае. Па словах Анціпенкі, сцяг павесілі ўжо праз некалькі хвілін пасля прыняцця закону.

«Як толькі быў прыняты закон, адразу старшыня аддаў загад замяніць сцяг».

Такую спешку Шушкевіч патлумачыў жаданнем, як найхутчэй абвясціць пра прыняццё новай сімволікі.

Стары чырвона‑зялёны сцяг з камуністычным сярпом і молатам, па словах Анціпенкі, акуратна знялі і недзе паклалі. Праўда, ляжаць яму давялося нядоўга. У 1995 годзе дзяржаўныя сімвалы зноў памянялі.

Віталь Малькевіч, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0