Букмекеры вераць, што Нобелеўскую прэмію міру сёлета ў кастрычніку атрымае 15-гадовая пакістанская школьніца, праваабаронца Малала Юсафзай, вынікае са звестак сайта oddschecker.com.

AFP

AFP

15-гадовая Малала вядомая ў свеце як змагар за права жанчын на адукацыю.

Малала праславілася тым, што пачала весці блог для службы «Бі-бі-сі» на мове урду пра жыццё пры талібах, якія з 2007 года ўсталявалі сваю ўладу ў яе роднай даліне Сват.

У кастрычніку 2012 года талібы паспрабавалі забіць дзяўчынку.

9 кастрычніка 2012 г. Малала вярталася дадому са школы на школьным аўтобусе; аўтобус быў спынены людзьмі ў масках. Адзін з баевікоў зайшоў у аўтобус і стаў пытацца дзяцей, хто з іх Малала. Калі яе асоба была высветлена, таліб двойчы стрэліў у дзяўчынку, патрапіўшы ў галаву і шыю.

Адна з куль прайшла навылёт і дзве дзяўчынкі, якія сядзелі ззаду Малалы, таксама атрымалі па агнястрэльным раненні. Малалу даставілі ў крытычным стане ў ваенны шпіталь горада Пешавар. Пасля трохгадзіннай аперацыі хірургам удалося дастаць кулю з мозгу. Калі стан Малалы стаў стабільны, пакістанскі ўрад арганізаваў для яе авіяпералёт у Вялікабрытанію.

Дзяўчынку выратавалі дактары ў Бірмінгеме. Зараз Малала Юсуфзай з сям'ёй жыве ў Брытаніі.

Па выніках 2012 года яна заняла другое месца ў рэйтынгу людзей года часопіса Time — адразу пасля прэзідэнта ЗША Барака Абамы.

Зараз каэфіцыент ставак на Юсафзай - 3 да 5. Імя лаўрэата будзе названа на наступным тыдні, 11 кастрычніка.

Сярод іншых папулярных ставак - Дэмакратычны голас Бірмы і расійская праваабаронца Людміла Аляксеева (1 да 9), інфарматар Wikileaks Брэдлі Мэнінг мае шанцы 1 да 19, экс-прэзідэнт ЗША Біл Клінтан (1 да 20).

Шанцы беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага букмекеры расцэньваюць як 1 да 69.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?