Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 г., палітвязень Мікалай Статкевіч адмовіўся надалей звяртацца па медыцынскую дапамогу ў турме.

Палітвязень заявіў, што яго звароты па дапамогу выкарыстоўваюцца адміністрацыяй папраўчых устаноў як сігнал для арганізацыі супрацьпраўнага ціску шляхам незаконнага стварэння ўмоў для абвастрэння захворванняў, пра якія стала вядома.

У такой сітуацыі зварот па медыцынскую дапамогу дае адваротны эфект і робіцца небяспечным, што змушае яго хаваць інфармацыю аб праблемах са здароўем, паведамляе сайт statkevich.org.

Мікалай Статкевіч — адзіны кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні.

Як і іншыя апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты, ён быў арыштаваны вечарам 19 снежня 2010 г.

У маі 2011 года суд Ленінскага раёна Мінска прысудзіў Стакевіча да шасці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня.

Палітык адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі №17, аднак у студзені 2012 года яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы адбыцця пакарання, перавёўшы ў магілёўскую турму №4 (212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, турма № 4, Статкевічу Мікалаю Віктаравічу)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0