Пазадарожнік Cadillac Escalade з 6-літровым рухавіком.
Lexus GX 470.
За рулём Chevrolet Tahoe
Chevrolet Suburban. Такі, як у картэжы Абамы.
BMW X6. Спартовае купэ для актыўнага адпачынку.
Jeep Cherokee (1995), быў папулярны ў бандытаў у канцы 1990-х
Porsche Cayenne - класіка аўтапрому
Іншая «класіка» -- расійская «дзявятка».
На адным з афіцыйных сайтаў наконт дзяржаўных закупак з’явіўся аўкцыён у аказанні паслугаў КДБ. «Камітэтчыкі» шукаюць пастаўнікоў аўтазапчастак. З пераліку прадметаў закупкі можна зрабіць выснову, якія машыны ёсць у гаражы КДБ ці, прынамсі, якія з іх патрабуюць рамонту.
Заяўку на аўкцыён падалі ад дзяржаўнай установы «Гараж аператыўнага прызначэння КДБ РБ». Меркаваны кошт закупак – Br 1 млрд.
Дарагія і моцныя
Сярод аўтаў, якія згадваюцца ў лотах аўкцыёну, ёсць і адносна новыя, дарагія машыны. Напрыклад, красовер BMW X6 2010 года з рухавіком 4,4 літры. Гэтае аўта не ёсць паўнавартасным пазадарожнікам, а таму пра выкананне аператыўных заданняў у кепскіх дарожных умовах гаворкі не можа ісці. Сам канцэрн «BMW» пазіцыянуе гэтае аўта як «спартовае купэ для актыўнага адпачынку».
Ёсць у гаражы КДБ і паўнавартасны пазадарожнік – Cadillac Escalade з 6-літровым рухавіком. Хоць аўта і адносна старое (2001 г. в.), гэтая мадэль – з шэрагу люксавых дарагіх аўтаў, што і праз шмат гадоў пасля выпуску застаюцца не самымі таннымі. Ёсць у гаражы яшчэ два класічных «амерыканцы» – Chevrolet Tahoe (2008 г. в.), які характарызуецца «вытанчаным адштукаваннем» салону, ды Chevrolet Suburban – самы вялікі амерыканскі пазадарожнік, што, між іншага, уваходзіць у прэзідэнцкі картэж Абамы. Сярод аўтаў-легендаў – Jeep Cherokee (1995 г. в.), які быў гэтак папулярны ў бандытаў напрыканцы 1990-х.
Таксама прадстаўніча выглядаюць Lexus GX 470, Lexus RX 330 ды Porsche Cayenne. Прынамсі назваць іх незаўважнымі – цяжка.
«Народныя аўты» для аператыўнікаў
Апроч шыкоўных і дарагіх аўтаў, у лотах згадваюцца і больш «дэмакратычныя» мадэлі. Гэта некалькі аўтаў Opel, што сышлі з канвеераў яшчэ да 2000 года, з дзясятак Volkswagen’аў (у тым ліку мікрааўтобусы) ды чатыры Ford’ы. Гэтыя аўты сапраўды надаюцца да аператыўнай працы, калі праваахоўнікам не трэба вылучацца на дарозе.
Ёсць у гаражы КДБ аўты расейскай вытворчасці – «Волгі» ды «ВАЗы».