Кіеўская канфэрэнцыя Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў стала вядомай, дзякуючы bon mot Аляксандра Фядуты, які на ёй назваў апазыцыйных палітыкаў “трупамі шматразовага выкарыстаньня”. Заля пацяшалася, і завязаўся інтэлектальны бой усіх супраць усіх.
Гэта распружыла ўдзельнікаў, але не адмяніла тых фактаў, што:
Пераважная большасьць інтэлектуалаў гаварыла нашмат даўжэй за адведзены рэглямэнт. Прынамсі палова зь іх не пасаромелася выступіць з тымі самымі дакладамі, якія я ад іх чуў прынамсі год таму.
Мякка кажучы, не рэалістычнымі падаваліся мне многія разважаньні, напрыклад, што адстаўкай Канаплёва Лукашэнка пачаў рыхтаваць пераемніка (Фядута), што Расея і Францыя не дазволяць Беларусі будаваць АЭС (Коктыш) ці рэкамэндацыі Дэмакратычным сілам “Важнай задачай кампаніі [выбараў у палату прадстаўнікоў] ёсьць перамога хоць бы ў некалькіх выбарчых акругах” і “На кожнай выбарчай акрузе вылучыць да пачатку кампаніі адзінага кандыдата ад АДС, а таксама мець дублёра на выпадак ягонага зьняцьця ўладаю” (Чарноў).
* * *
Што гаварылі ў Кіеве:
Эканаміст Павал Данэйка: Беларускі бізнэс баіцца лібэралізацыі, бо, мяркуе ён, пры ёй можа прыйсьці расейскі капітал і ўсё апанаваць.
Раней мы былі за незалежнасьць. А цяпер за што? Ранейшая плятформа апазыцыі вычарпала сябе, бо зрэалізавалася. Грамадзтва чакае ад апазыцыі новых канкрэтных прапановаў.
Беларусь чакае падзеньне канкурэнтаздольнасьці прадукцыі ў выніку таго, што Расея імкліва мадэрнізуе ўласныя вытворчасьці. Гэта ўжо адбылося ў харчовай прамысловасьці і неўзабаве адбудзецца таксама ў машынабудаваньні. Гэтак, у Расеі неўзабаве адкрыюцца заводы “Рэно” і “Вольва”.
Сацыёляг Андрэй Вардамацкі: Ад пачатку 2007-га рэйтынг Лукашэнкі зьмяншаецца. Рэйтынг Лукашэнкі адгэтуль носіць не харызматычны, а прагматычны характар і паступова набывае рысы інэрцыйнага.
Сацыёляг Надзея Яфімава: Аўдыторыя “Камсамолкі” абагнала аўдыторыю “Советской Белоруссии». З тэлеканалаў найпапулярнейшы – АНТ, з навінных праграмаў – “Нашы новості”. З радыёканалаў безумоўны лідэр — Першы канал і яго ранішнія праграмы. З ФМ-станцый лідэр – “Радыюс ФМ”, за ім ідуць “Сталіца”, “Русское” і “Рокс”.
Эканаміст Аляксандар Чубрык: 40 % беларускага экспарту ў 2006-м складалі нафта і нафтапрадукты.
За першы квартал 2007 замежная запазычнасьць вырасла на мільярд даляраў (за цэлы 2006-ы – на 1,7 млрд).
Дэфіцыт энэргетычнага гандлю мае вырасьці з 1,5 млрд у 2007 годзе да 4,5 млрд у 2011 годзе.
Гэта дазваляе меркаваць, што Лукашэнка будзе схільны правесьці выбары ў 2010 годзе.
Найбольш імаверны сцэнар – урад будзе кампэнсаваць дэфіцыт бягучых рахункаў за кошт далейшых замежных запазычаньняў.
Пры пазытыўным сцэнары разьвіцьця эканомікі сярэдні заробак дасягне ў 2010 годзе 480 даляраў, пры нэгатўным – 400 даляраў.
Украінскі палітоляг Алег Соскін: Малаімаверна, што Лукашэнка выканае абяцаньне і аддасьць 50 % “Белтрансгазу” Расеі
Часовы павераны Славаччыны ў Беларусі Любамір Рэгак: Прыехалі мы з паслом Бэнэтам у Магілёў да Фінькевіча. Прыйшоў палітрук, выгнаў. “Желаю вам почувствовать, что такое свобода”, -- кажа яму Бэнэт. – “Моя свобода был СССР”, -- выгукнуў палітрук.
Лукашэнка найлепшы агітатар за Эўропу. Бо паўсюль патрабуе эўрапейскай якасьці, эўрапейскіх стандартаў. Вось і гатэль назваў “Эўропа”. Не “Каракас” і не “Масква”. І нават гледзячы “Тур дэ Франс”, бачыў не раварыстаў, а калосьсе. Яно ў нас чамусьці ляжыць, а ў Эўропе стаіць.
Аляксандар Дабравольскі, АГП: Сілаў адной апазыцыі замала для перамогі. Патрэбныя саюзьнікі.
Марцін Бутара, чэскі сацыёляг і пісьменьнік, былы пасол Славаччыны ў ЗША: У аўтарытарных краінах ёсьць інтэлектуальная абсэсія на тэмы таго, што немагчыма. Усе кажуць: нішто немагчыма. І ёсьць іншая тэматычная абсэсія: дыктатар. Усе ў апазыцыі разважаюць пра дыктатара, аналітыкі занятыя бясконцым аналізам найменшых ягоных выказваньняў... Гэтыя абсэсіі контрапрадуктыўныя.
Ганс-Георг Вік, дыплямат у адстаўцы: Над Беларусьсю павеяў вецер пераменаў, пачулі мы. Але ў які бок?
Віталь Сіліцкі, палітоляг: Цяперашняя Беларусь нагадвае франкісцкую Гішпанію.
Райнэр Лінднэр, гісторык і палітоляг: Беларусь знаходзіцца на трэцім этапе трансфармацыі, які яна пачала з Лукашэнкам, а скончыць ужо без Лукашэнкі.
Якія найбольшыя дасягненьні незалежнага грамадзтва ў 2006-2007-м (пасьля выбараў)?
Жанна Літвіна, старшыня Беларуская асацыяцыі журналістаў: адзіны лідэр, прызнаны Эўропай
Алесь Анціпенка, дырэктар Беларускага калегіюму: дасягненьне больш рэалістычнага бачаньня будучыні.
Аляксандар Сасноў, сацыёляг: перамена ў грамадзкай думцы, калі большасьць стала выказвацца супраць саюзу з Расеяй
Ірына Віданава, выдаўніца: вырасла салідарнасьць (прыклад — акцыі падтрымкі каля судоў).





