Беларускія спартсменкі занялі другое месца ў камандным турніры на чэмпіянаце свету па мастацкай гімнастыцы ў грэчаскіх Патрах.

Наша каманда ў складзе Іны Жукавай, Святланы Рудалавай і Любові Чаркашынай па выніках 12 практыкаванняў набрала ў суме 168,775 бала, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Міністэрстве спорту і турызму. Чэмпіёнкамі свету, як і меркавалася, сталі расіянкі (183,050), а бронзавы медаль упершыню ў гісторыі дастаўся камандзе Азербайджана (163,750). Адзначым, што ў камандным турніры не ўдзельнічалі адны з фаварытак - украінкі. У першы дзень спаборніцтваў сур'ёзную траўму атрымала Наталля Гадунко, і ўкраінская каманда спыніла выступленні.

Сёння на сусветным першынстве выхадны дзень, а заўтра спаборніцтвы прадоўжацца. Пасля кваліфікацыі ў мнагабор'і Іна Жукава займае 5-ю пазіцыю, Любоў Чаркашына на 10-м месцы, а Святлана Рудалава на 16-м. У суботу і нядзелю пройдуць групавыя спаборніцтвы. У нашай камандзе выступяць Аліна Туміловіч, Дзіна Гайцюкевіч, Вера Давідовіч, Алеся Бабушкіна, Глафіра Марціновіч і Ксенія Санковіч. Для таго каб атрымаць алімпійскую ліцэнзію ў Пекін-2008, неабходна ўвайсці ў дзесятку лепшых. Спецыялісты лічаць, што для нашых "мастачак" гэта не праблема - ім цалкам па сілах заваяваць адно з прызавых месц на сусветным форуме.-

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?