![]() Сяргей Сушко |
Насельніцтва мусіла сёлета аплочваць выдаткі за паслугі ЖКГ на 41 %. Аднак, кажа намесьнік міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Сяргей Сушко, па стане на верасень удалося атрымаць толькі 34 %.
У бягучым годзе плянавалася, што насельніцтва кампэнсуе выдаткі за паслугі ЖКГ на 41 %. Аднак, па словах намесьніка міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Сяргея Сушка, па стане на верасень удалося атрымаць толькі 34 %. Да канца году адставаньне ад заданьня найхутчэй ня будзе выкананае, паведаміў намесьнік міністра на прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай падрыхтоўцы ЖКГ Беларусі да працы ў асеньне-зімовы пэрыяд 2007—08 г.
У Менску памер запазычанасьці складае 7 млрд рублёў, у цэлым па краіне пратэрмінаваная запазычанасьць ацэньваецца ў 40 млрд рублёў.
На сёньня нарыхтавана каля 32 тыс. т. паліўнае мазуты, што складае 65 % ад заданьня. Назапашана 759 тыс.м/3 дроў (60% ад плянаванага).
Як запэўніў Сяргей Сушко, да канца году камунальнікі нарыхтуюць паліва ў патрэбным аб’ёме. Да 2012 г. доля мясцовых відаў паліва ў паліўна-энэргетычным балянсе ЖКГ павінна скласьці да 50 %.
Сёлета ацяпляльны сэзон распачнецца, як і штогод, 15 кастрычніка. Выключэньне традыцыйна складуць школы, дашкольныя ўстановы і больніцы.
Сп. Сушко паведаміў, што бліжэйшым часам не чакаецца рэзкі рост тарыфаў на паслугі ЖКГ. Ён не пацьвердзіў распаўсюджаную некаторымі СМІ інфармацыю пра ініцыятыву яго ведамства аб магчымым падвышэньні тарыфаў зь 1 кастрычніка на 25 %: “Гэтым займаецца Міністэрства эканомікі”.
Гаворачы пра выкананьне Дырэктывы № 3, намесьнік міністра зазначыў, што на сёньня лічыльнікі выкарыстаньня вады ўсталяваныя ў 41% кватэраў, цалкам плянуецца ўсталяваць такія лічыльнікі ў 971 тыс. кватэраў. Гэта дазволіць скараціць выдаткі на 15 %. У бягучым годзе мерапрыемствы па эканоміі рэсурсаў паводле плянаў дазволяць зэканоміць каля 80 млрд. рублёў.





