Справа Анатоль Рэпін (з архіва аўтара)

Справа Анатоль Рэпін (з архіва аўтара)

Журналіст “Балтымор Сан” Тэд Шэлсбі і палкоўнік ЦРУ Гліб Гаюк шыюць жоўта-блакітны сцяг незалежнай Украіны.

Журналіст “Балтымор Сан” Тэд Шэлсбі і палкоўнік ЦРУ Гліб Гаюк шыюць жоўта-блакітны сцяг незалежнай Украіны.

Нехта Kus, каментуючы на сайце «Нашай Нівы» мае перадапошнія нататкі пра мову, «уkusіў»: «...ледзь не большую частку жыцця тварылі па­-расейску і толькі часам нешта па­-беларуску».

І зноў Амерыка, 25 жніўня 1991, з Нью-­Ёрка рухаемся ў Балтымор. У дэлегацыі журналістаў маскоўцы з газеты «Труд», украінцы з розных выданняў. З Беларусі я адзін. Раптам аднекуль з’яўляецца дзіўнаватая слухаўка. «Спадарожнікавы, — ганарліва паведамляе Гліб, — можна паразмаўляць з любой кропкай планеты».

Гліб — палкоўнік ЦРУ, прафесар геаграфіі, падрабляе тым, што падстрыгае траву, бо вельмі любіць гэты занятак.

Пра ЦРУ і траву мы даведаемся пазней. А пакуль ведаем, што каранямі ён з Валыні, перакладае нам з ангельскай мовы на рускую і ўкраінскую і чамусьці, захлынаючыся ад невядома скуль жалю, спявае пра «сотню юных бойцов»...

Тэлефон нарэшце трапляе да мяне, Рэпін смяецца: «Ну, давай, тэлефануй жонцы!» Але я тэлефаную Бураўкіну, на той час прадстаўніку Беларусі ў ААН. Генадзь Мікалаевіч здзіўляецца, моўчкі слухае, як весела мы рухаемся ў Балтымор, і раптам пытаецца: «Ды ты ці ведаеш навіну?!»

Праз хвіліну я крычу: «Ціха! Ціха! Беларусь абвясціла незалежнасць!»

І сапраўды стала ціха. «Ну, вось, — са скрухай вымавіў Рэпін, — і магілы бацькоў без візы не наведаеш...» «Ды слухай ты яго! — усхапіўся Варламаў. — Незалежнасць... У іх нават мовы сваёй няма!» — «Як гэта — няма?» — я ўстаў і накіраваўся ў бок Варламава. «А так, дрэнная руская... Трапкай па бруху!» «Супакойцеся, — Рэпін падняўся з месца і стаў паміж намі, — не хапала яшчэ за мяжой пабіцца... А мова, Юра, у беларусаў ёсць, свая мова...»

Варламаў нешта прамармытаў, а я прыгадаў мінулую восень, сухі, да пярхоты ў горле, сонечны дзень, разварушаны танкамі палігон, пасохлую траву на выпасе і пыльны прасёлак угару, да могілак. Узабраўшыся, мы — Рэпін, ягоны брат Барыс і я — расцілаем ля магілы, дзе пахаваныя іх мама і тата, посцілку, разбіраем авоську з няхітрай ежай — яечкі, памідоры, цыбуліны, нешта яшчэ, сядаем на сагрэтую вераснёўскім сонейкам зямлю і пускаем па коле гранёны стакан на памін і супакой іх бацькоўскіх душ... І так штогод.

Унізе патанае ў садах Мар’іна Горка, дзе прайшло пасляваеннае дзяцінства братоў Рэпіных, дзе стаіць яшчэ тая хата, куды з Мінску перабраўся з жонкай Барыс, і родзяць дрэвы, што насадзілі бацькі...

Мар’іна Горка, станцыя, калматыя вароніны гнёзды на старых бярозах, пах чыгункі, гудкі паравозаў і дарога — у Маскву, на вучобу міжнароднай журналістыцы... А потым — у Каір. А потым — у Вашынгтон, на доўгія шэсць гадоў... І той нялётны дзень, калі памерла матуля, і ён не паспеў...

Дзень, з якога пачалося наша сяброўства.

...Бойкі за мяжой, дзякуй Богу, не адбылося. А недзе ў кастрычніку прагучаў тэлефонны званок, і я пачуў сіплаваты голас Варламава: «Ты знаешь, что у Репина юбилей? Мы тут газету ему делаем, напиши поздравление другу». — «Конечно, напишу. Только на белорусском». — «На каком хочешь...»

Праз некалькі дзён я пачуў: «Что ты тут навалял?! Ничего понять невозможно!» — «Репин поймет».

У мяне няма звычкі друкаваць свае вершы, тым больш прыватныя вершы-­віншаванні. Але зараз паспрабую. Ён мне самому падабаецца, той верш. І назва падабаецца — «Карані».

Якая восень! Чырванее лес.
Прыціх на варце вартаўнік-­ядловец.
Такі неперакладны ціхі змест
Ва ўсім.
Такая, Толя, споведзь.
Чаму ж, скажы, то стрыт, то авеню
Так вабяць нас? Але ж на сэрцы горка.
Мо быццам нейкі цвік ў караню,
Што ёсць і быў спрадвек — Мар’іна Горка...
Калі пачуцці прагнуць цішыні,
Той, што святлом крынічным льецца з небасхілу,
Не авеню нас цягнуць — карані.
Той родны кут, які табе так мілы...

Рэпін адгукнуўся сваім вершам на беларускай мове. Там рыфмавалася «Русь — Беларусь»...

Ён быў цалкам савецкі чалавек, жыў не ў Вялікім Княстве Літоўскім, не ў Расійскай імперыі, а ў Савецкім Саюзе, і вельмі балюча ўспрыняў распад дзяржавы, у якой нарадзіўся і жыў. Імаверна яшчэ таму, што адчуваў пагрозу быць назаўжды адарваным ад Бацькаўшчыны, нават пахаваным недзе далёка.

«Табе добра, — гаварыў ці то жартам, ці то ўсур’ёз, — пахаваюць побач з бацькамі. А што мне рабіць?» Мы не раз спрачаліся з ім наконт тагачасных падзей, якія можна ўжо лічыць гістарычнымі. Але ж ён ніколі не выказваў пагардлівыя адносіны да Беларусі і яе мовы. Дарэчы, ведаў ён мноства моў, ці не восем.

...Памёр Рэпін на пачатку 2000-­х, у красавіку.

Ад інсульту, хваробы, якой сцярогся больш за іншыя, бо вельмі страшыўся згубіць памяць. Амаль суткі па ягоным перадсмяротным пажаданні везлі аўтобусам з Масквы ў Мар’іну Горку труну з простых дошак. Да бацькоў, у родны кут.

Разам з труной прыехаў і Варламаў.

Калі хавалі, трымаўся наводдаль, а па дарозе да хаты, дзе ўжо накрыты быў памінальны стол, наблізіўся да мяне.

«Ты, Сяргей... вось што... прабач мяне...»

Я запытальна паглядзеў яму ў вочы.

«Ну, за тое... у Амерыцы...».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?